Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЭМА́ЙТЭ [Žemaité; сапр. Бенюшавічутэ-Жымантэне

(Beniuseviciuté-Zymantiené)] Юлія (4.6.1845, маёнтак Букантэ, Плунгескі р-н, Літва — 7.12.1921),

літоўская пісьменніца. Друкавалася з 1894. Асн. тэматыка яе твораў — жыццё літ. вёскі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цяжкі лёс літ. сялянства, бяспраўе жанчыны, самабытнасць вясковага побыту, рэліг. перажыткі па-мастацку асэнсаваны ў яе апавяданнях і аповесцях «Нявестка» (1896), «Пятрас Курмяліс» (1901), «Няшчасныя дзеці» (1903), «Ахвяра святому Юргісу» (1908) і інш. Яе творы адметныя каларытным апісаннем прыроды, побыту, звычаяў, знешняга аблічча герояў, аб’ектыўнай, з элементамі іроніі і камізму, апавядальніцкай манерай. Аўтар шматлікіх нарысаў, фельетонаў, публіцыст. артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі А.Клышка, Я.Скрыган.

Тв.:

Rastai. Sej. 1—6. Vilnius, 1956—57.

т. 6, с. 478

ЖЭМА́ЙЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Жмудскае ўзвышша,

у зах. ч. Літвы, у бас. рэк Вянта, Юра, Мінія і Дубіса. Выш. да 234 м (г. Мядзвегаліс). Складзена з глін, пяскоў, мергеляў. Характэрны згладжаны марэнна-ўзгоркавы рэльеф. Шмат азёр. Хвойныя і мяшаныя лясы, лугі, пашы, ворная зямля.

т. 6, с. 478

ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр. Танер; Tonnerre) Фірмэн

(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),

французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац. нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянсю купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.

т. 6, с. 478

ЖЭ́МЧУГ (слова кіт. паходжання),

перл, цвёрдыя вапняковыя ўтварэнні перламутравага рэчыва шарападобнай ці няправільнай формы ўнутры ракавін некаторых малюскаў (марскіх і прэснаводных). Складзены пераважна з вуглякіслага кальцыю (араганіту). Колер белы, ружовы, жаўтаваты, іншы раз чорны, шэры, карычневы. Бляск характэрны перламутравы, вясёлкавы. Памеры ад мікраскапічных да галубінага яйца. Утвараецца ў выніку раздражнення мантыі малюска якім-н. чужародным целам (пясчынкай, паразітам і інш.). Здабыча марскога Ж. вядзецца ў Чырвоным м., Персідскім зал., каля берагоў Аўстраліі, Японіі і інш. Прэснаводны Ж. здаўна здабывалі ў Кітаі, Расіі, Германіі, Шатландыі. У 20 ст. вельмі пашырана штучнае вырошчванне Ж. (пераважна ў Японіі). Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе (каралі, брошкі, пярсцёнкі, жамчужнае шыццё), нярэдка ў спалучэнні з каштоўнымі металамі і камянямі.

У.Я.Бардон.

Вышыўка жэмчугам адзення мітрапаліта Аляксея. 1364. Фрагмент.

т. 6, с. 478