ЖЭ́МЧУГ (слова кіт. паходжання),

перл, цвёрдыя вапняковыя ўтварэнні перламутравага рэчыва шарападобнай ці няправільнай формы ўнутры ракавін некаторых малюскаў (марскіх і прэснаводных). Складзены пераважна з вуглякіслага кальцыю (араганіту). Колер белы, ружовы, жаўтаваты, іншы раз чорны, шэры, карычневы. Бляск характэрны перламутравы, вясёлкавы. Памеры ад мікраскапічных да галубінага яйца. Утвараецца ў выніку раздражнення мантыі малюска якім-н. чужародным целам (пясчынкай, паразітам і інш.). Здабыча марскога Ж. вядзецца ў Чырвоным м., Персідскім зал., каля берагоў Аўстраліі, Японіі і інш. Прэснаводны Ж. здаўна здабывалі ў Кітаі, Расіі, Германіі, Шатландыі. У 20 ст. вельмі пашырана штучнае вырошчванне Ж. (пераважна ў Японіі). Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе (каралі, брошкі, пярсцёнкі, жамчужнае шыццё), нярэдка ў спалучэнні з каштоўнымі металамі і камянямі.

У.Я.Бардон.

Вышыўка жэмчугам адзення мітрапаліта Аляксея. 1364. Фрагмент.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)