ЖЫЛЛЁВА-ЭКСПЛУАТАЦЫ́ЙНАЯ СЛУ́ЖБА (ЖЭС),
жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак (ЖЭУ), пярвічнае звяно жыллёвай гаспадаркі, якое ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду. ЖЭС уваходзяць у склад жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў (ЖРЭА) або вытв. аб’яднанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ВАЖКГ) раённых (гарадскіх) выканкомаў і ажыццяўляюць сваю дзейнасць на прынцыпах гасп. разліку. Эксплуатацыяй ведамаснага жыллёвага фонду займаюцца жыллёва-камунальныя канторы, якія таксама ўваходзяць у сістэму жыллёвай гаспадаркі.
А.Дз.Сідарэнка.
т. 6, с. 467
ЖЭ́СТАЎ МО́ВА,
камунікатыўная сістэма на кінетычнай (жэстыкуляторна-мімічнай) аснове; асн. сродак зносін глухіх. Мінімальная адзінка Ж.м. — жэст — складаецца з херэм (ад грэч. hejr, hejrōs рука), якія паказваюць на месца, канфігурацыю і характар жэста. Колькасць херэм параўнальная з колькасцю фанем гукавой мовы. Ж.м. ўключае таксама позірк, выраз твару, рухі галавы і цела, функцыі якіх больш шырокія, чым у гукавых мовах. Структурна і катэгарыяльна такія Ж.м. не залежаць ад гукавых моў, іх роднасныя сувязі не вызначаюцца адпаведнымі нац. мовамі (напр., амслен, Ж.м. глухіх ЗША і большай часткі Канады, блізкі да мовы глухіх Францыі, аднак не роднасны мове глухіх Англіі).
Ж.м. называюць таксама жэставыя маніфестацыі гукавых моў. У развітых грамадствах большая частка глухіх двухмоўная (валодаюць роднай Ж.м. і нац. мовай). Ў час зносін на агульнанац. мове выкарыстоўваюць яе жэставы варыянт: захоўваецца сінтакс. структура, рэдуцыруецца марфалогія, словы замяняюцца жэстамі; безаналагавыя элементы гукавой мовы дактыліруюцца (палітарна перадаюцца пальцавай азбукай).
А.М.Рудэнка.
т. 6, с. 481