Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕСАКО́Ў (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; 18.12.1911, в. Новікава Галіцкага р-на Кастрамской вобл., Расія — 13.6.1985),

бел. крытык і тэатразнавец. Вучыўся ў Ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1932—35, Масква). Працаваў у ТРАМе, газ. «Літаратура і мастацтва» і інш. У 1960—74 у Літ. музеі Я.Купалы. Аўтар кніг «Уладзімір Крыловіч» (1956), «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы» (1977).

т. 6, с. 396

ЕСЕНБЕ́РЛІН (Ільяс) (1.1.1915, г. Атбасар, Казахстан — 4.10.1983),

казахскі пісьменнік. Скончыў Каз. горна-металургічны ін-т (1940). Друкаваўся з 1945. У паэмах «Айша», «Султан» (абедзве 1945), «Трагедыя Біржан-Сала» (1959), раманах «Схватка» (1966; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Небяспечная пераправа» (1967), «Закаханыя» (1968), «Залатыя коні прачынаюцца» (1976), гіст. трылогіях «Качэўнікі» (1969—73; асобнае выд. 1976), «Залатая Арда» (кн. 1—3, 1979—83) сучаснае і мінулае каз. народа, лёс і праблемы вёскі. Аўтар п’ес, тэкстаў каз. песень (больш за 40). На бел. мову асобныя творы Е. пераклаў В.Бечык.

Тв.:

Бел. пер. — Небяспечная пераправа: Раман. Мн., 1985.

Ж.Сахіеў.

т. 6, с. 396

Е́СЕНІК (Jesenik),

кліматычны курорт у Чэхіі. На схілах аднайм. гор паблізу мяжы з Польшчай. Развіваецца з 19 ст., калі мясц. лекарам-практыкам была пабудавана першая ў Еўропе водалячэбніца. Умераны клімат, ахаванасць ад вятроў, хваёвыя лясы ствараюць умовы для лячэння хвароб ц. н. с. (пераважна неўрозаў) і органаў дыхання. Папулярнае месца адпачынку, турызму і зімовага спорту. У наваколлі арх.-гіст. помнікі (стараж. замкі), помнікі прыроды (пячоры, горныя і лясныя комплексы і інш.).

т. 6, с. 396

Е́СЕНСКІ ((Jesenský) Янка) (30.12.1874, г. Марцін, Славакія — 27.12.1945),

славацкі пісьменнік. Д-р права (1901). Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Друкаваўся з 1897, прызнанне атрымаў як паэт-лірык (зб. «Вершы», 1905, і «Вершы II», выд. ў 1923) і як навеліст з яркім сатырычным талентам (кн. «Правінцыяльныя апавяданні», 1913). У 1-ю сусв. вайну на ўсх. фронце, добраахвотна здаўся ў палон. Знаходзіўся ў лагерах, потым на вольным пасяленні ў Варонежы, Кіеве і Пецярбургу, дзе працаваў у рэдакцыі славацкай газеты. Настроі гэтай пары адлюстраваны ў зб. вершаў «З палону» (1919) і ў кн. ўспамінаў «Шляхам да волі» (1933). У паэт. зб-ках «Пасля буры» (1934), «Супраць ночы» і «На злобу дня I, II» (абодва 1945), «Чорныя дні» (1948) рэзкая крытыка тагачасных падзей, асабліва фашызму. Аўтар кн. апавяданняў «Навелы» (1921), «З старых часоў» (1935), сатыр. рамана «Дэмакраты» (ч. 1—2, 1934—37).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1981.

І.А.Чарота.

т. 6, с. 396

ЕСЕНТУКІ́,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс. ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.

т. 6, с. 396

Е́СІПАВА (Ганна Мікалаеўна) (12.2.1851, С.-Пецярбург — 18.8.1914),

руская піяністка і педагог; адна з буйнейшых прадстаўніц піяністычнага мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Вучылася ў Пецярбургскай кансерваторыі (1865—70, клас Т.Лешаціцкага), з 1893 выкладала ў ёй (праф. з 1901). Дэбютавала ў 1868, канцэртавала ў Расіі і за мяжой да 1908. Выступала і як ансамбліст (у дуэце з Л.Аўэрам, у трыо з ім і А.Вержбіловічам). Яе мастацтву ўласцівы рацыяналістычнасць інтэрпрэтацыі, віртуознасць, пявучасць гуку. Стварыла адну з буйнейшых рус. піяністычных школ (сярод вучняў С.Пракоф’еў).

т. 6, с. 396

Е́СПЕРСЕН ((Jespersen) Енс Ота Хары) (16.7.1860, г. Рандэрс, Данія — 30.4.1943),

дацкі мовазнавец. Праф. англ. мовы ў Капенгагенскім ун-це (з 1893). Аўтар падручніка англ. мовы (1895; 19 выданняў), у аснову якога пакладзена жывая размоўная мова. Сваё разуменне граматыкі як жывога цэлага, што ўвесь час развіваецца, адлюстраваў у працы «Філасофія граматыкі» (1924). Аўтар «тэорыі прагрэсу» ў мове, паводле якой усе моўныя змены накіраваны на аблягчэнне ўмоў камунікацыі, а таму — прагрэсіўныя. Стварыў праект міжнар. штучнай мовы — навіяль. Працы Е. паўплывалі на развіццё мовазнаўства 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Философия грамматики. М., 1958.

т. 6, с. 396

Е́СЬМАН (Іосіф Гаўрылавіч) (13.12.1868, г. Вілейка Мінскай вобл. — 1.7.1955),

савецкі вучоны ў галіне гідраўлікі і гідраэнергетыкі. Акад. Азерб. АН (1945). Д-р тэхн. н., праф. (1933). Герой Працы (1932). Засл. дз. нав. Азерб. ССР (1929). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1892). Працаваў на чыгунцы, стажыраваўся ў Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі. У 1902—15 у Пецярбургскім політэхн. ін-це. З 1917 у Закаўказзі. Арганізатар і першы рэктар Уладзікаўказскага політэхн. ін-та, з 1922 у Азерб. політэхн. ін-це (да 1929 рэктар), адначасова з 1932 дырэктар энергет. Ін-та Азерб. АН, якому ў 1943 прысвоена імя Е. Навук. працы па нафтавай гідраўліцы, газадынаміцы і гідрамашынабудаванні. Прымаў удзел у праектаванні нафтаправода Баку—Батумі і інш. аб’ектаў нафтавай прам-сці, кансультант буд-ва буйнейшых ГЭС Закаўказзя. Аўтар падручніка «Гідраўліка» (10 выд.).

Літ.:

И.Г.Есьман, 1868—1955;

Библиогр. Баку, 1969.

т. 6, с. 396

Е́СЬМАН (Руслан Іосіфавіч) (н. 16.4.1941, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі ліцейных працэсаў. Д-р тэхн. н., праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ваенна-мех. ін-т (1963). З 1965 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па цеплафіз. асновах, тэорыі і тэхналогіі ліцейных працэсаў. Распрацаваў адзіную сістэму матэм. апісання працэсаў фарміравання адліўкі складанай канфігурацыі ў метал. форме.

Тв.:

Расчеты процессов литья. Мн., 1977 (разам з М.П.Жмакіным, Л.І.Шубай);

Термодинамика, теплопередача и двигатели внутреннего сгорания. Мн., 1985 (разам з Б.Я.Жалезкам, У.М.Адамавым).

т. 6, с. 396

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З РАДЫЁВЯШЧА́ННЯ (ЕСР),

міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 1950 для каардынацыі дзейнасці краін Еўропы ў галіне радыёвяшчання. Аб’ядноўвае 103 тэлерадыёкампаніі з 80 краін (1997), з якіх 31 — нееўрапейская. У склад ЕСР у якасці асобнага дэпартамента ўваходзіць Еўрабачанне. З 1996 у ЕСР уваходзіць Беларусь.

т. 6, с. 400