Е́СПЕРСЕН ((Jespersen) Енс Ота Хары) (16.7.1860, г. Рандэрс, Данія — 30.4.1943),
дацкі мовазнавец. Праф. англ. мовы ў Капенгагенскім ун-це (з 1893). Аўтар падручніка англ. мовы (1895; 19 выданняў), у аснову якога пакладзена жывая размоўная мова. Сваё разуменне граматыкі як жывога цэлага, што ўвесь час развіваецца, адлюстраваў у працы «Філасофія граматыкі» (1924). Аўтар «тэорыі прагрэсу» ў мове, паводле якой усе моўныя змены накіраваны на аблягчэнне ўмоў камунікацыі, а таму — прагрэсіўныя. Стварыў праект міжнар. штучнай мовы — навіяль. Працы Е. паўплывалі на развіццё мовазнаўства 20 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Философия грамматики. М., 1958.
т. 6, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)