Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕЎГЕ́НІКА (ад грэч. eugenēs добрага роду),

вучэнне аб спадчынным здароўі чалавека, шляхах яго захавання і паляпшэння. Прынцыпы Е. сфармуляваў англ. вучоны Ф.Гальтан (1869), які прапанаваў вывучаць тыя фактары, што могуць палепшыць спадчынныя якасці (генет. перадумовы фіз. і псіхічнага здароўя, разумовых здольнасцей, адоранасць) будучых пакаленняў. Ідэі Е. нярэдка выкарыстоўвалі для апраўдання расізму і генацыду. У сучаснай навуцы многія праблемы Е., асабліва барацьба са спадчыннымі захворваннямі, вырашаюцца ў рамках генетыкі чалавека, яго экалогіі, у т. л. мед. генетыкі. Ад ідэі паляпшэння генет. здароўя людзей Е. перайшла пераважна да задач яго захоўвання. Гл. Медыка-генетычнае кансультаванне.

т. 6, с. 396

ЕЎДАКІ́МАЎ (Уладзімір Мікітавіч) (н. 6.5.1939, г. Об Новасібірскай вобл., Расія),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1971). З 1961 працаваў у Ін-це «Сібакадэмпраект». З 1971 у ін-це «Гроднаграмадзянпраект». Асн. работы ў Гродне: Дом піянераў і школьнікаў (1976), будынкі аблвыканкома (1982), упраўлення «Гроднасельбуд» (1981), кардыялагічнага цэнтра (1984), гасцініцы «Гродна» (1985), кінатэатра «Кастрычнік» (1987), аэравакзала (1991, усе ў сааўт.) і інш.

т. 6, с. 397

ЕЎДАКІ́МАЎ (Яраслаў Аляксандравіч) (н. 22.11.1946, в. Карысць Карэцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980), нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1981). Творчую дзейнасць пачаў у 1975 як саліст Бел. філармоніі, з 1977 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1980—90 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодае моцным гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру, тонкай музыкальнасцю. Мае вял. канцэртны рэпертуар, значнае месца ў якім займаюць песні бел. кампазітараў Я.Глебава, В.Іванова, І.Лучанка, Дз.Смольскага і інш., бел., рус. і ўкр. нар. песні, а таксама творы духоўнай музыкі. Дыпламант усесаюзнага конкурсу «З песняй па жыцці» (1979).

Г.М.Загародні.

Я.Еўдакімаў.

т. 6, с. 397

Еўдашэнка Сяргей Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 384

Е́ЎІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з 1610 да сярэдзіны 17 ст. ў мяст. Еўе каля Вільні

(цяпер г. Вэвіс, Літва). Засн. праваслаўным віленскім Святадухаўскім брацтвам ва ўладанні шляхціца Б.Агінскага. Кіравалі друкарняй Л.Карповіч (да 1620),

потым Гаўрыла Івановіч. Выпусціла больш за 25 выданняў: некалькі кніг на польскай мове (у асноўным панегірыкі), большасць на царк.-слав. мове, у т. л. «Новы запавет з Псалтыром» (1611), «Дыёптра» (1612, у перакладзе Віталія), «Казанне двое...» Карповіча (1615), «Буквар славянскай мовы» і «Кінавіен» (1618), «Граматыка славянская» М.Сматрыцкага (1619), «Ірмалой» (1642) і інш., 4 выданні на бел. мове, у т. л. «Евангелле вучыцельнае» Каліста (1616). Асобныя выданні на бел. мове мелі прадмовы і пасляслоўі, каментарыі на палях. Кнігі, надрукаваныя кірыліцай, вызначаліся высокімі маст.-паліграф. якасцямі, своеасаблівым арнаментам і гравюрамі, шырока выкарыстоўваліся бел. і ўкр. брацтвамі ў навуч.-асв. і царк.-рэліг. дзейнасці. У аздобе кніг выкарыстоўвалі дошкі віленскай друкарні Ф.Скарыны (ініцыялы і застаўкі). Выданні распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, часткова ў Расіі.

Г.Я.Галенчанка.

т. 6, с. 397

ЕЎЛАШО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (7.2.1546, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 1-я пал. 1619),

бел. грамадскі дзеяч і пісьменнік-мемуарыст. Самаадукацыяй набыў веды ў галіне матэматыкі, справаводства, юрыспрудэнцыі. Ад навагрудскай шляхты быў паслом на Люблінскім (1569) і Варшаўскім (1579) сеймах. Разам з А.Трызнам удзельнічаў у выпрацоўцы дзярж.-прававога дакумента — «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага», у 1592—1613 падсудак (адвакат) у Навагрудскім земскім судзе. Прытрымліваўся памяркоўна-ліберальных поглядаў. З літ. спадчыны пакінуў дыярыуш — самы ранні помнік мемуарнага жанру ў бел. л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Мемуары пераважна аўтабіягр. характару, дзе адлюстраваны культ., сац. і паліт. жыццё суайчыннікаў (найперш прадстаўнікоў шляхты), іх погляды і грамадскія ўзаемаадносіны.

Тв.:

У кн.: Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983.

Літ.:

Свяжынскі У.М. «Гістарычныя запіскі» Ф.Еўлашоўскага. Мн., 1990.

т. 6, с. 397

ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),

спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.

т. 6, с. 397

ЕЎПАТО́РЫЯ,

горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс. ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр. Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).

У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст. н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).

Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.

т. 6, с. 397

еўра

т. 18, кн. 1, с. 384

ЕЎРАБА́ЧАННЕ,

міжнародная арганізацыя тэлебачання, заснаваная ў 1954 у рамках Еўрапейскага саюза радыёвяшчання для рэгулярнага абмену перадачамі паміж краінамі-ўдзельніцамі і сумеснай падрыхтоўцы праграм. Аб’ядноўвае 95 тэлекампаній з 80 краін (1997). З 1996 у Е. ўваходзіць Беларусь.

т. 6, с. 397