ЕЎЛАШО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (7.2.1546, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 1-я пал. 1619),

бел. грамадскі дзеяч і пісьменнік-мемуарыст. Самаадукацыяй набыў веды ў галіне матэматыкі, справаводства, юрыспрудэнцыі. Ад навагрудскай шляхты быў паслом на Люблінскім (1569) і Варшаўскім (1579) сеймах. Разам з А.Трызнам удзельнічаў у выпрацоўцы дзярж.-прававога дакумента — «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага», у 1592—1613 падсудак (адвакат) у Навагрудскім земскім судзе. Прытрымліваўся памяркоўна-ліберальных поглядаў. З літ. спадчыны пакінуў дыярыуш — самы ранні помнік мемуарнага жанру ў бел. л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Мемуары пераважна аўтабіягр. характару, дзе адлюстраваны культ., сац. і паліт. жыццё суайчыннікаў (найперш прадстаўнікоў шляхты), іх погляды і грамадскія ўзаемаадносіны.

Тв.:

У кн.: Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983.

Літ.:

Свяжынскі У.М. «Гістарычныя запіскі» Ф.Еўлашоўскага. Мн., 1990.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)