ЕЎРАБА́ЧАННЕ,
міжнародная арганізацыя тэлебачання, заснаваная ў 1954 у рамках Еўрапейскага саюза радыёвяшчання для рэгулярнага абмену перадачамі паміж краінамі-ўдзельніцамі і сумеснай падрыхтоўцы праграм. Аб’ядноўвае 95 тэлекампаній з 80 краін (1997). З 1996 у Е. ўваходзіць Беларусь.
т. 6, с. 397
ЕЎРАДО́ЛАРЫ (англ. Eurodollar),
грашовыя сродкі ў доларах ЗША, размешчаныя іх уладальнікамі за межамі ЗША, пераважна ў еўрап. банках. Банкаўскія рахункі ў доларах даюць магчымасць банкам, у якіх гэтыя рахункі адкрыты, выкарыстоўваць доларавыя грошы для аперацый на міжнар. рынку пазыкавых капіталаў, таму што долар прызнаны ў якасці сусв. валюты.
т. 6, с. 397
ЕЎРАЗІ́ЙСТВА,
ідэйна-палітычная і філас. плынь у рас. эміграцыі 1920—30-х г. Пачаткам руху стаў выхад зб. «Выйсце да Усходу» (Сафія, 1921) групы маладых рус. вучоных-эмігрантаў. Гіст.-філас. і геапаліт. дактрына Е., услед за ідэямі позніх славянафілаў, ва ўсім супрацьпастаўляла гіст. лёсы, задачы і інтарэсы Расіі і Захаду і трактавала Расію як «Еўразію». Асн. тэарэтыкі — М.С.Трубяцкой, Г.В.Флароўскі, Л.П.Карсавін, П.М.Савіцкі, Г.У.Вярнадскі. Мэта Е. — стварыць новую ідэалогію, здольную асэнсаваць тое, што адбылося з Расіяй пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, і абгрунтаваць метады дзеяння «для адраджэння Айчыны» на аснове трывалага Саюза ўсходнеславянскіх народаў — рускіх, украінцаў, беларусаў. Тэрыторыю Расіі (СССР) еўразійцы разумелі як непаўторную гіст. і геагр. індывідуальнасць, адметны свет, які не належыць ні да Еўропы, ні да Азіі. Агульнаметадалагічным іх прынцыпам стаў поліцэнтрызм: Еўразія не супрацьпастаўляецца ўсяму «астатняму свету», яна — не якісьці міфічны цэнтр, што дамінуе ў свеце, а адзін з сусв. цэнтраў. Асн. ідэі Е.: самабытнасць культуры (на базе велікарускай), панаванне ідэалогіі (стрыжань — праваслаўе), агульнанац. інтарэс; канцэпцыя ўлады прадугледжвала кіруючую партыю (пераемніцу бальшавікоў) як дзярж.-ідэалаг. саюз, які не супадае з дзярж. апаратам. На 1-м этапе еўразійцы ажыццявілі шэраг плённых гіст.-культ. распрацовак, але потым Е. пачало набываць усё больш паліт. афарбоўку: левае яго крыло прызнавала заканамернасць рас. рэвалюцыі і апраўдвала бальшавізм, што выклікала пратэст другой часткі еўразійцаў. У выніку некалькіх расколаў у сярэдзіне 1930-х г. Е. як арганізаваны рух спыніла сваё існаванне. У апошнія гады інтарэс да яго ідэй аднавіўся.
Літ.:
Люкс Л. Евразийство: Пер. с нем. // Вопр. философии. 1993. № 6.
В.А.Ярмоленка.
т. 6, с. 397
ЕЎРА́ЗІЯ,
самы вялікі мацярык Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і (ч. астравоў у Паўд. паўшар’і). У Е. ўваходзяць дзве часткі свету — Еўропа і Азія. Тэрмін увёў у 19 ст. аўстр. геолаг Э.Зюс, абгрунтоўваючы яго адсутнасцю выразнай структурнай мяжы паміж Еўропай і Азіяй. Абмываецца на Пн Паўн. Ледавітым, на З Атлантычным, на У Ціхім, на Пд Індыйскім ак. і іх морамі. З 3 на У распасціраецца на 16 тыс. км, з Пн на Пд — на 8 тыс. км. Пл. 54,9 млн. км², з астравамі 57,7 млн. км², або больш за 1/3 паверхні сушы. Нас. 4,1 млрд. чал. (1993). Е. аб’ядноўваюць неперарыўнасць сушы, сучасная тэктанічная кансалідаванасць мацерыка, адзінства многіх кліматычных працэсаў. Тут прадстаўлены ўсе геагр. паясы Паўн. паўшар’я, ад арктычнага да экватарыяльнага. Умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй пралягае па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. ч. Каспійскага м., Кума-Маныцкай упадзіне, паўн. мяжы Каўказскіх гор, Азоўскім і Чорным м. і пралівах паміж Чорным і Міжземным м.
т. 6, с. 398
ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст. рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
т. 6, с. 398
ЕЎРАКА́РД (англ. Eurocard),
міжнародная крэдытная картка з правам карыстання ёй у любой краіне, якая з’яўляецца ўдзельніцай еўрап. банкаўскай сістэмы.
т. 6, с. 398
ЕЎРАКО́СМАС,
аб’яднанне прамысловых прадпрыемстваў 11 краін Еўропы, створанае ў 1961 для развіцця касмічнай тэхнікі і касманаўтыкі. У Е. уваходзіць каля 150 авіяфірм, фірм электронікі. механікі, хіміі і інш., якія распрацоўваюць абсталяванне для спадарожнікаў радыёсувязі і тэлебачання.
т. 6, с. 398
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВУ́ГАЛЮ І СТА́ЛІ (ЕАВС),
дзяржаўна-манапалістычная арганізацыя, створаная ў 1951 з мэтай садзейнічаць пашырэнню і мадэрнізацыі здабычы вугалю, руды. вытв-сці металу. Напачатку аб’ядноўвала ФРГ, Францыю, Італію, Бельгію, Нідэрланды і Люксембург, пазней з расшырэннем складу ўдзельнікаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўключыла Вялікабрытанію, Данію, Ірландыю, Грэцыю, Іспанію і Партугалію. У 1967 органы аб’яднання зліліся з органамі ЕЭС і Еўраатама. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).
т. 6, с. 398