ЕЎРА́ЗІЯ,

самы вялікі мацярык Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і (ч. астравоў у Паўд. паўшар’і). У Е. ўваходзяць дзве часткі свету — Еўропа і Азія. Тэрмін увёў у 19 ст. аўстр. геолаг Э.Зюс, абгрунтоўваючы яго адсутнасцю выразнай структурнай мяжы паміж Еўропай і Азіяй. Абмываецца на Пн Паўн. Ледавітым, на З Атлантычным, на У Ціхім, на Пд Індыйскім ак. і іх морамі. З 3 на У распасціраецца на 16 тыс. км, з Пн на Пд — на 8 тыс. км. Пл. 54,9 млн. км², з астравамі 57,7 млн. км², або больш за ​1/3 паверхні сушы. Нас. 4,1 млрд. чал. (1993). Е. аб’ядноўваюць неперарыўнасць сушы, сучасная тэктанічная кансалідаванасць мацерыка, адзінства многіх кліматычных працэсаў. Тут прадстаўлены ўсе геагр. паясы Паўн. паўшар’я, ад арктычнага да экватарыяльнага. Умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй пралягае па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. ч. Каспійскага м., Кума-Маныцкай упадзіне, паўн. мяжы Каўказскіх гор, Азоўскім і Чорным м. і пралівах паміж Чорным і Міжземным м.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)