ЕСЕНБЕ́РЛІН (Ільяс) (1.1.1915, г. Атбасар, Казахстан — 4.10.1983),
казахскі пісьменнік. Скончыў Каз. горна-металургічны ін-т (1940). Друкаваўся з 1945. У паэмах «Айша», «Султан» (абедзве 1945), «Трагедыя Біржан-Сала» (1959), раманах «Схватка» (1966; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Небяспечная пераправа» (1967), «Закаханыя» (1968), «Залатыя коні прачынаюцца» (1976), гіст. трылогіях «Качэўнікі» (1969—73; асобнае выд. 1976), «Залатая Арда» (кн. 1—3, 1979—83) сучаснае і мінулае каз. народа, лёс і праблемы вёскі. Аўтар п’ес, тэкстаў каз. песень (больш за 40). На бел. мову асобныя творы Е. пераклаў В.Бечык.
Тв.:
Бел. пер. — Небяспечная пераправа: Раман. Мн., 1985.
Ж.Сахіеў.
т. 6, с. 396
Е́СЕНІК (Jesenik),
кліматычны курорт у Чэхіі. На схілах аднайм. гор паблізу мяжы з Польшчай. Развіваецца з 19 ст., калі мясц. лекарам-практыкам была пабудавана першая ў Еўропе водалячэбніца. Умераны клімат, ахаванасць ад вятроў, хваёвыя лясы ствараюць умовы для лячэння хвароб ц. н. с. (пераважна неўрозаў) і органаў дыхання. Папулярнае месца адпачынку, турызму і зімовага спорту. У наваколлі арх.-гіст. помнікі (стараж. замкі), помнікі прыроды (пячоры, горныя і лясныя комплексы і інш.).
т. 6, с. 396
Е́СЕНСКІ ((Jesenský) Янка) (30.12.1874, г. Марцін, Славакія — 27.12.1945),
славацкі пісьменнік. Д-р права (1901). Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Друкаваўся з 1897, прызнанне атрымаў як паэт-лірык (зб. «Вершы», 1905, і «Вершы II», выд. ў 1923) і як навеліст з яркім сатырычным талентам (кн. «Правінцыяльныя апавяданні», 1913). У 1-ю сусв. вайну на ўсх. фронце, добраахвотна здаўся ў палон. Знаходзіўся ў лагерах, потым на вольным пасяленні ў Варонежы, Кіеве і Пецярбургу, дзе працаваў у рэдакцыі славацкай газеты. Настроі гэтай пары адлюстраваны ў зб. вершаў «З палону» (1919) і ў кн. ўспамінаў «Шляхам да волі» (1933). У паэт. зб-ках «Пасля буры» (1934), «Супраць ночы» і «На злобу дня I, II» (абодва 1945), «Чорныя дні» (1948) рэзкая крытыка тагачасных падзей, асабліва фашызму. Аўтар кн. апавяданняў «Навелы» (1921), «З старых часоў» (1935), сатыр. рамана «Дэмакраты» (ч. 1—2, 1934—37).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1981.
І.А.Чарота.
т. 6, с. 396
ЕСЕНТУКІ́,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс. ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
т. 6, с. 396