ЕСЕНТУКІ́,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс. ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)