Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕЗУІ́ТЫ (ад лац. формы імя Ісус Iesus),

члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 ісп. дваранінам І.Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўмацавання каталіцызму. Ордэн пабудаваны на аснове строгай цэнтралізацыі, суровай дысцыпліны і абсалютнай волі яго кіраўніка — генерала («чорнага папы»), які выбіраецца пажыццёва і падначальваецца толькі папе рымскаму. З цягам часу ордэн ператварыўся ў моцную арг-цыю, якая пашырылася ў Еўропе, пранікла ў краіны Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі. У 1569 Е. пачалі дзейнасць у ВКЛ. У 1773 булай папы Клімента XIV ордэн скасаваны. Ва ўсх. Беларусі Кацярына П насуперак папскай буле захавала ордэн. Е. заснавалі ў Полацку навіцыят (курсы падрыхтоўкі для ўступлення ў ордэн). Свае школы Е. вызвалілі ад урадавага кантролю і падначалілі Полацкаму калегіуму (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Іх калегіумы існавалі ў многіх гарадах Беларусі, у т. л. ў Віцебску, Магілёве, Оршы (гл. Калегіум, Езуіцкія навучальныя ўстановы). У 1820 Е. былі выгнаны з Рас. імперыі. У 1814 ордэн адноўлены папам Піем VII ва ўсім свеце. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі была створана каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне. У наш час Е. — адзін з буйнейшых і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў.

Літ.:

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Цярохін С.Ф. Многія прыйдуць пад імем маім (езуіты на Беларусі). Мн., 1995.

Дз.У.Караў.

т. 6, с. 383

ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).

В.Ф.Шалькевіч.

т. 6, с. 383

ЕЗУІ́ЦКІЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

навучальныя ўстановы, якія засноўваліся езуітамі ў Беларусі, Украіне і Літве. Існавалі з 2-й пал. 16 ст. да пач. 19 ст. Былі пач., сярэднія (калегіумы) і вышэйшыя (акадэміі: Віленская, гл. Віленскі універсітэт; Полацкая езуіцкая акадэмія) школы. Першая Е.н. ў. — езуіцкі калегіум у Вільні (1570). Потым Е.н.ў. з’явіліся ў іншых гарадах Беларусі, была створана шырокая сетка такіх устаноў. Найчасцей яны размяшчаліся ў прыгожых светлых будынках (захаваліся ў Пінску, часткова ў Полацку), дзе падтрымліваўся ўзорны парадак (гл. Езуіцкае выхаванне). У 1870-я г. Е.н.ў. перададзены Адукацыйнай камісіі. Існавалі на Беларусі да 1820.

В.Ф.Шалькевіч.

т. 6, с. 383

ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

гл. ў арт. Калегіум.

т. 6, с. 383

Е́ЗУС, Эзус,

у кельцкай міфалогіі гал. бажаство. Уяўлялі яго барадатым каля дрэва з серпападобнай сякерай у руцэ. Яму прыносілі ахвяры і вешалі іх на дрэве. З дрэвам Е. асацыіравалі быка, які нясе на сабе трох журавоў. Выявы Е. вядомы на гала-рымскіх рэльефах алтароў Парыжа і Трыра.

Бог Езус каля свяшчэннага дрэва. Галарымскі барэльеф.

т. 6, с. 383