Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕЗЯРЫ́ШЧА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 42 км на Пн ад г. Гарадок. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышчанскі. Пл. 15,39 км², даўж. каля 8,9 км, найб. шыр. 3,2 км, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 32,8 км. Пл. вадазбору 264 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м; месцамі да 25 м, пераважна разараныя, часткова пад пашай і сенажаццю. Берагі пясчаныя, паўн. і паўн.-зах. месцамі абразійныя. Дно няроўнае (шмат упадзін і меляў), да глыб. 4—6 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 20 астравоў агульнай пл. 0,67 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці да 120 м. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.

Возера Езярышча.

т. 6, с. 383

ЕЗЯРЫ́ШЧА,

гарадскі пасёлак у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Езярышча. За 41 км ад Гарадка, 80 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Невель, на аўтадарозе Віцебск—Невель. 2,2 тыс. ж. (1997). Упершыню ўпамінаецца ў апошняй чвэрці 14 ст. як уладанне Ульяны Цвярской, удавы вял. кн. ВКЛ Альгерда. У 14—17 ст. існаваў Езярышчанскі замак. З 1583 мястэчка, пазней цэнтр дзярж. староства ў Віцебскім пав. У 1772 далучана да Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Гарадоцкім пав. З 1886 сяло, 204 ж., 31 двор, царква, 2 карчмы. У 1906 у Е. 270 ж, 37 двароў. У 1924—29 цэнтр Езярышчанскага раёна, з 1935 — Мехаўскага р-на. У 1929—35 у Гарадоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну з 17.7.1941 па 19.12.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Е. і раёне загубілі 2974 чал. У 1942 партызаны разграмілі фаш. гарнізон на станцыі Е. (гл. Езярышчанскі бой 1942). З 4.10.1957 Е. — гар. пасёлак. З 1958 цэнтр Езярышчанскага р-на, з 1962 у складзе Гарадоцкага р-на. 2,7 тыс. ж. (1971). Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Вайсковыя могілкі, 4 магілы ахвяр фашызму. За 3 км ад гар. пасёлка на востраве воз. Езярышча археал. помнік — Замчышча (16 ст.).

т. 6, с. 383

ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ БОЙ 1942,

аперацыя 2-й імя Панамарэнкі і 4-й Бел. партыз. брыгад па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Езярышча Віцебскай вобл. 7 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мэта — сарваць перавозкі па чыг. Невель—Віцебск. Кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў нач. аб’яднанага штаба партыз. войск Полацкай зоны А.Я.Марчанка. У ходзе бою партызаны знішчылі чыг. станцыю, склады з боепрыпасамі, харчаваннем, папсавалі чыг. палатно, забралі апаратуру дыспетчарскага кіравання і радыёапаратуру.

т. 6, с. 384

ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.

В.М.Ляўко.

т. 6, с. 384

ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—29 і 1958—62. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі. Цэнтр — ст. Езярышча. Падзяляўся на 8 сельсаветаў. 12.10.1929 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Гарадоцкага раёна. 12.2.1935 утвораны Мехаўскі раён з цэнтрам на ст. Езярышча, які 18.3.1958 перайменаваны ў Е.р. Быў у складзе Віцебскай вобл. Уключаў г.п. Езярышча і 9 сельсаветаў (у 1960—11 сельсаветаў). 25.12.1962 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Гарадоцкага р-на.

т. 6, с. 384