ЕЗУІ́ТЫ (ад лац. формы імя Ісус Iesus),

члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 ісп. дваранінам І.Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўмацавання каталіцызму. Ордэн пабудаваны на аснове строгай цэнтралізацыі, суровай дысцыпліны і абсалютнай волі яго кіраўніка — генерала («чорнага папы»), які выбіраецца пажыццёва і падначальваецца толькі папе рымскаму. З цягам часу ордэн ператварыўся ў моцную арг-цыю, якая пашырылася ў Еўропе, пранікла ў краіны Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі. У 1569 Е. пачалі дзейнасць у ВКЛ. У 1773 булай папы Клімента XIV ордэн скасаваны. Ва ўсх. Беларусі Кацярына П насуперак папскай буле захавала ордэн. Е. заснавалі ў Полацку навіцыят (курсы падрыхтоўкі для ўступлення ў ордэн). Свае школы Е. вызвалілі ад урадавага кантролю і падначалілі Полацкаму калегіуму (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Іх калегіумы існавалі ў многіх гарадах Беларусі, у т. л. ў Віцебску, Магілёве, Оршы (гл. Калегіум, Езуіцкія навучальныя ўстановы). У 1820 Е. былі выгнаны з Рас. імперыі. У 1814 ордэн адноўлены папам Піем VII ва ўсім свеце. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі была створана каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне. У наш час Е. — адзін з буйнейшых і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў.

Літ.:

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Цярохін С.Ф. Многія прыйдуць пад імем маім (езуіты на Беларусі). Мн., 1995.

Дз.У.Караў.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)