ГЮРДЖА́Н Акоп Маркаравіч
(17.12.1881, г. Шуша, Нагорны Карабах — 28.12.1948),
армянскі скульптар. Вучыўся ў маст. акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906—10), наведваў майстэрню А.Радэна. Працаваў у Маскве (з 1914), Парыжы (з 1921). Адметнае ў творчасці Гюрджана — своеасаблівае спалучэнне рыс стараж. мастацтва Усходу і тагачасных зах.-еўрап. плыней. Аўтар партрэтаў М.Горкага (1914), С.Рахманінава (1915), М.Сар’яна (1927), статуі «Саламея» (1925), помніка Л.Талстому ў Парыжы (устаноўлены ў 1955), надмагілляў.
Літ.:
Дрампян Р.Г. А. Гюрджян. Ереван, 1973.
т. 5, с. 554
ГЮРДЖА́Н Габрыэл Мікаэлавіч
(24.4.1892, г. Артвін, Турцыя — 1987),
армянскі жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1945). Скончыў Пензенскія вышэйшыя маст.-пед. майстэрні (1920). З 1922 у Арменіі. Выкладаў у Ерэванскім маст. ін-це (1945—58). Пераважна пейзажыст: «Шыракскі канал» (1926), «Севан. Зангбуд» (1936), «Ерэван у дні Айчыннай вайны» (1942), «Збор бавоўны» (1949), «Руіны сярэдневяковай крэпасці Севан» (1958), «Жніво ў калгасе. Арменія» (1969) і інш.
т. 5, с. 555
ГЮРЗА́
(Vipera lebetina),
змяя сям. гадзюкавых. Пашырана ў Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на некат. астравах Міжземнага м. Жыве ў сухіх перадгор’ях, цяснінах, па схілах гор і далінах рэк, у вінаградніках, садах. Падвід (V.l. schweizeri), які жыве на а-вах Эгейскага м., занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 1,6 м. Афарбоўка зверху шаравата-пясчаная або карычнявата-чырвоная, уздоўж спіны папярочна выцягнутыя цёмна-бурыя або аранжавыя плямы. Па баках цела больш дробныя цёмныя плямы. Галава аднатонная. Бруха светлае, у дробных цёмных плямках. Яйцажывародная, адкладвае да 43 яец. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, дробнымі птушкамі. Укус гюрзы можа быць смяротным. Яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 5, с. 555