ГЮ́ЛЕНБЕРГ
(Gyllenberg) Хельге (н. 4.7.1924),
фінскі мікрабіёлаг. Чл. АН Фінляндыі, яе прэзідэнт з 1974. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў Хельсінкскі ун-т. З 1948 у Ін-це мікрабіялогіі гэтага ун-та (з 1972 праф.). Навук. працы па выкарыстанні матэм. метадаў у біялогіі, пераважна ў сістэматыцы мікраарганізмаў, па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.
т. 5, с. 554
ГЮЛІСТА́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1813,
паміж Рас. імперыяй і Персіяй (Іранам). Завяршыў рус.-іранскую вайну 1804—13 за ўплыў у Закаўказзі (гл. Руска-іранскія войны 19 стагоддзя). Падпісаны 5.11.1813 у с. Гюлістан у Карабаху. Прадугледжваў: прызнанне Іранам далучэння да Расіі Дагестана, Усх. Грузіі, Імерэты, Гурыі, Мегрэліі, Абхазіі, а таксама Карабахскага, Гянджынскага, Шэкінскага, Шырванскага, Дэрбенцкага, Кубінскага, Бакінскага і Талышскага ханстваў; выключнае права Расіі мець свой ваен. флот на Каспійскім м.; права свабоднага гандлю рас. і перс. купцам і інш. Ратыфікаваны ў 1814, набыў сілу ў 1818. У выніку новай рус.-іранскай вайны заменены Туркманчайскім дагаворам 1828.
т. 5, с. 554