Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГВЕ́ЗДАСЛАЎ

(Hviezdoslav) Павал [сапр. Орсаг (Országh); 2.2.1849, Вышні Кубін, Славакія — 8.11.1921], славацкі паэт. Рэфарматар славацкай мовы і стылістыкі. Дэбютаваў нізкай вершаў «Паэтычныя першынцы» (1868). Аўтар цыклаў «Сны маладосці» (1877),

«Санеты» (1882—86), «Псалмы і гімны» (1882—92), «Парасткі» (1885—93), «Праходкі вясною» і «Праходкі летам» (абодва 1898), «Скрухі» (1900—15), «Водгулле» (1909—19), «Крывавыя санеты» (1914); эпічных паэм «Леснікова жонка» (1886), «Эжа Влкалінскі» (1890), «Габар Влкалінскі» (1897—99); філас.-этычных твораў на біблейскія сюжэты (паэмы «Рахіль», 1892; «Каін» і «Сон Саламона», абедзве 1900; трагедыя «Ірад і Ірадыяда», 1909, і інш.). Перакладаў творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, І.В.Гётэ і інш.

Тв.:

Spisy. Sv. 1—12. Martin;

Bratislava, 1951—57;

Бел. пер. — З «Крывавых санетаў» // Славацкая паэзія. Мн., 1990;

Рус. пер. — Стихи. М., 1961.

І.А.Чарота.

т. 5, с. 103

ГВЕ́ЛЬФЫ І ГІБЕЛІ́НЫ,

саперніцкія паліт. групоўкі ў італьян. гарадах у 12—15 ст. Склаліся ва ўмовах барацьбы за панаванне ў Італіі паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і папствам. Гвельфы (італьян. Guelfi — скажонае імя герм. герцагскай дынастыі Вельфаў, ворагаў імператараў у Германіі), якія падтрымлівалі рым. пап, у асноўным выражалі інтарэсы папаланаў (мелі найб. моцныя пазіцыі ў г. Фларэнцыя). Гібеліны (італьян. Ghibellini — назва аднаго з замкаў Штаўфенаў у Германіі—Вайблінген) аб’ядноўвалі прыхільнікаў імператара, выражалі пераважна інтарэсы нобіляў (феадалаў) і мелі падтрымку ў гарадах Піза, Лука і інш. У ходзе барацьбы нярэдка папаланы пераходзілі ў лагер гібелінаў, нобілі — гвельфаў. З 14 ст. ў Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў гвельфы падзяліліся на чорных («партыя» нобіляў) і белых («партыя» багатых гараджан). Аслабленне паліт. ролі імперыі і папства паспрыяла затуханню барацьбы паміж гэтымі групоўкамі.

т. 5, с. 103

ГВЕРЧЫ́НА,

Гуэрчына

[Guercino; сапр. Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],

італьянскі жывапісец балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаванне св. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.

Літ.:

Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.

т. 5, с. 103