ГВЕ́ЗДАСЛАЎ

(Hviezdoslav) Павал [сапр. Орсаг (Országh); 2.2.1849, Вышні Кубін, Славакія — 8.11.1921], славацкі паэт. Рэфарматар славацкай мовы і стылістыкі. Дэбютаваў нізкай вершаў «Паэтычныя першынцы» (1868). Аўтар цыклаў «Сны маладосці» (1877),

«Санеты» (1882—86), «Псалмы і гімны» (1882—92), «Парасткі» (1885—93), «Праходкі вясною» і «Праходкі летам» (абодва 1898), «Скрухі» (1900—15), «Водгулле» (1909—19), «Крывавыя санеты» (1914); эпічных паэм «Леснікова жонка» (1886), «Эжа Влкалінскі» (1890), «Габар Влкалінскі» (1897—99); філас.-этычных твораў на біблейскія сюжэты (паэмы «Рахіль», 1892; «Каін» і «Сон Саламона», абедзве 1900; трагедыя «Ірад і Ірадыяда», 1909, і інш.). Перакладаў творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, І.В.Гётэ і інш.

Тв.:

Spisy. Sv. 1—12. Martin;

Bratislava, 1951—57;

Бел. пер. — З «Крывавых санетаў» // Славацкая паэзія. Мн., 1990;

Рус. пер. — Стихи. М., 1961.

І.А.Чарота.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)