Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НІКІ́ЦІН (Іван Савіч) (3.10.1824, г. Варонеж, Расія — 28.10.1861),

рускі паэт. Вучыўся ў духоўнай семінарыі (1839—43). У 1859 адкрыў кніжны магазін, які стаў цэнтрам літ.-грамадскага жыцця Варонежа. Друкаваўся з 1853. У ранніх вершах (1849—54) побач з рэлігійнымі («Вечнасць», «Малітва») гучаць сац. матывы («Цішыня ночы», «Помста»). У творчасці 1850-х г. звярнуўся да тэмы нар. жыцця («Бурлак», «Жонка ямшчыка», «Араты», паэмы «Кулак», «Тарас»), Рэв. матывы ў вершах «Ганебна гіне наш час!..», «Цяжкі крыж нясем мы, браты...», «Падзе ганебнае тыранства...». Майстар паэт. пейзажу («Вечар пасля дажджу», «Раніца»). У празаічным «Дзённіку семінарыста» (1861) адлюстраваў побыт бурсы, стварыў вобраз разначынца. Многія вершы Н. пакладзены на музыку М.Рымскім-Корсакавым, Р.Гліэрам, С.Манюшкам і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Х.Жычка.

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1960—61;

Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1965;

Соч. М., 1984.

Літ.:

Тонков В.А. И С.Никитин: Очерк жизни и творчества. М., 1968;

Поэт-демократ И.С.Никитин. Воронеж, 1976.

І.С.Нікіцін.

т. 11, с. 343

НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),

расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.

Літ.:

Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.

А.Л.Нікіцін.

т. 11, с. 343

НІКІ́ЦІН (Мікалай Мікалаевіч) (8.8.1895, С.-Пецярбург — 26.3.1963),

рускі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1921). З 1921 уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Першая аповесць — «Ірвотны форт» (1922). Зборнікі нарысаў, апавяданняў, аповесцей «Камяні» (1922), «Бунт» (1923), «З алоўкам у руцэ» (1926), «Лірычная зямля» (1927) адметныя «арнаментальнасцю» стылю, пошукамі арыгінальнай формы. Уражанні ад паездкі па Еўропе ў зб. «Цяпер на Захадзе. Берлін — Рур — Лондан» (1924). Раман «Паўночная Аўрора» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) пра барацьбу з інтэрвентамі на Поўначы ў 1918—19. Аўтар раманаў «Злачынства Кірыка Рудэнкі» (1927), «Гэта пачалося ў Какандзе» (1939), аповесці «Пагаворым пра зоркі» (1934), п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў-успамінаў пра М.Горкага, А.Талстога і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1968;

Северная Аврора. М., 1986.

т. 11, с. 343

НІКІ́ЦІН (Сяргей Канстанцінавіч) (10.10.1926, г. Каўроў Уладзімірскай вобл., Расія — 18.12.1973),

рускі пісьменнік. Скончыў Ліг. ін-т імя М.Горкага (1952). Друкаваўся з 1948. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Вяртанне» (1952), «Сем сланоў» (1954), «Белы ветразь», «Касцёр на ветры» (абодва 1960), «Вечаровая зара» (1970) і інш. пераважна пра сучаснікаў. Творчасці Н. ўласцівы дакладныя замалёўкі побыту, інтанацыі жывой мовы. Пісаў для дзяцей. На бел. мову яго творы пераклаў Б.Сачанка.

Тв.:

Избранное. Владимир, 1992;

Живая вода: Повести и рассказы. М., 1973;

Повести и рассказы. М., 1989.

Літ.:

Лапшин М. Сергей Никитин. М., 1971;

Воспоминания о Сергее Никитине. Ярославль, 1990.

т. 11, с. 343

НІКІ́ЦІН (Фёдар Пракопавіч) (13.4.1913, в. Шпылёўшчына Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 3.11.1979),

Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1943 у партызанах, з 1944 на фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант Н. вызначыўся ў чэрв. 1944 пры вызваленні Чавускага р-на Магілёўскай вобл. У 1945—63 старшыня калгасаў, да 1973 на гасп. рабоце.

Ф.П.Нікіцін.

т. 11, с. 343

НІКІ́ЦІН (Юрый Іосіфавіч) (н. 18.10.1930, в. Саляні Заходнядзвінскага р-на Цвярской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р біял. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1957), працуе ў ім. Навук. працы па фізіялогіі стрававання і абмене рэчываў у с.-г. жывёл.

Тв.:

Да пытання фізіялогіі сакраторна-ферментатыўнай функцыі тонкага кішэчніка ў свіней // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1964. №3;

Влияние щитовидной железы на некоторые показатели обмена веществ у свиней // Пищеварение и обмен веществ у свиней. М., 1971.

т. 11, с. 343

НІКІ́ЦІН (Яраслаў Георгіевіч) (6.2.1942, в. Малая Плотніца Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964), з 1970 працаваў у ім. З 1985 у Бел. НДІ кардыялогіі (заг. лабараторыі). Навук. працы па распрацоўцы і ўдасканаленні методык абследавання і лячэння хворых з сардэчнымі арытміямі, распрацоўцы партатыўных аўтам. устройстваў для аналізу рытму сэрца і яго парушэнняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Мониторирование электрокардиограммы // Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994;

Клиника, диагностика и лечение основных видов сердечных аритмий // Ишемическая болезнь сердца. Мн., 1997.

т. 11, с. 343

НІКІ́ЦКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

На паўд. беразе Крыма, за 7 км ад г. Ялта, Украіна. Засн. ў 1812 Х.Х.Стэвенам. Пл. 996 га. Каля 3,5 тыс. відаў раслін. У садзе 3 аддзяленні — Цэнтральнае, Стэпавае і Прыморскае; ёсць інтрадукцыйна-каранцінны гадавальнік. Дэндрарый саду складаецца з 4 ландшафтных паркаў, у якіх вывучаюцца перспектыўныя для садова-паркавага буд-ва і лесагадоўлі віды і формы. У калекцыі саду больш за 1600 відаў дрэў і кустоў, з якіх найб. прадстаўлены расліны з роду хвоя, кіпарыс, ядловец, дуб, кізільнік, барбарыс, клён і інш. Разводзяць секвою гіганцкую, міжземнаморскія піхты, платан усходні, веерную пальму Фарчуна і інш. Уведзены ў культуру пладовых насаджэнняў і паркаў сарты персіка, чарэшні, алычы, інжыра, граната, хурмы, міндалю. У гербарыі сада больш за 130 тыс. лістоў. З 1890 выдаюцца «Труды Никитского ботанического сада».

т. 11, с. 344

НІ́КІШ ((Nikisch) Артур) (12.10.1855, Лебеньі-Сент-Міклаш, Венгрыя —23.1.1922),

венгерскі дырыжор, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1866—73). З 1874 скрыпач венскага прыдворнага аркестра. З 1878 другі дырыжор і хормайстар, у 1882—89 гал. дырыжор опернага т-ра, у 1902—07 выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. Кіраваў Бостанскім сімфанічным аркестрам (1889—93), аркестрам Гевандхаўза (з 1895), адначасова Берлінскім і Гамбургскім філарманічнымі аркестрамі, Оперным т-рам у Будапешце (1893—95) і інш. Дырыжыраваў на памяць. Яго творчасць вызначалася моцным тэмпераментам, вял. свабодай і адначасова строгасцю і дакладнасцю ў апрацоўцы дэталей. Адыграў, вял. ролю ў прапагандзе творчасці П.Чайкоўскага ў Еўропе і Амерыцы. У рэпертуары таксама творы Л.Бетховена, А.Брукнера, Г.Малера, М.Рэгера, Р.Штрауса, Р.Шумана, Ф.Ліста, Р.Вагнера, І.Брамса. Аўтар кантаты, арк. твораў, стр. квартэта і інш.

Літ.:

А.Никиш и русская музыкальная культура. Л., 1975.

Л.А.Сівалобчык.

А.Нікіш.

т. 11, с. 344

НІ́КЛАТ (?—1160),

князь бодрычаў [каля 1131—60]. Узначальваў супраціўленне палабска-прыбалт. славян ням. (саксонцы) і дацкай (Кнуд Шлезвігскі) экспансіі. Імкнуўся захаваць добрыя адносіны з саксонцамі: у 1131 прызнаў вяршэнства Лотара III з Суплінбурга, потым саксонскага герцага Генрыха Льва, што не выратавала яго ад пазнейшых нападаў. У час крыжовага паходу супраць славян 1147 арганізаваў паспяховую абарону зямель бодрычаў ад уварвання войска Генрыха Льва, здзейсніў напад на апорныя пункты крыжакоў у Вагрыі, спаліў г. Любек, разбіў крыжацкае войска каля пабудаванай ім крэпасці Добін, што вымусіла крыжакоў заключыць мір. Загінуў у час новага паходу Генрыха Льва. Ад Н. паходзіў анямечаны ў наступных пакаленнях род мекленбургскіх князёў.

т. 11, с. 344