НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),

расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.​Ліснера, А.​Ленскага, скульптара А.​Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.​Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.​Лондана, «Лена» В.​Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.​Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.​Рэмізава і М.​Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра, «Апраметная» В.​Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.​Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.​Мэля, «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.​Жулаўскага, «У мінулы час» І.​Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.​Пушкіна, «Банкір» А.​Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.​Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.

Літ.:

Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.

А.​Л.​Нікіцін.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)