ЗЯРНЯ́ЎКА,
сухі аднанасенны плод з тонкім каляплоднікам, шчыльна прыціснутым да семя і зрослым з ім каля асновы. Характэрна для злакаў. У жыта і пшаніцы З. ападаюць голыя, у аўса, проса, ячменю і дзікарослых відаў — разам з кветкавымі лускамі. Такія З. зрэдку маюць прыдаткі (валасяныя чубкі, перыстыя асцюкі і інш.), якія садзейнічаюць распаўсюджванню пладоў. З. збожжавых злакаў называюць зернем.
т. 7, с. 135
ЗЯЦЬ,
муж дачкі, гл. ў арт. Роднасць і сваяцтва.
т. 7, с. 135
ЗЯЦЬКО́Ў (Іван Паўлавіч) (н. 26.8.1926, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1963). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1957), дзе і працаваў з 1960 (у 1979—85 прарэктар). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі, інфрачырвоных спектрах і спектрах камбінацыйнага рассеяння арган. пераксідных злучэнняў.
Тв.:
Колебательные спектры диацильных пероксидов и перэфиров. Мн., 1984 (разам з Дз.І.Сагайдаком, М.М.Зубаравай).
т. 7, с. 135