Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗБУ́НІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

гл. Рагазнянскае возера.

т. 7, с. 32

«ЗБЮР ВЯДОМОСЬЦІ ДО АНТРОПОЛЁГІІ КРАЁВЭЙ»

(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),

ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук. этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.

Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.А.Бадуэпа дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав. Гродзенскай губ.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.

А.Ф.Літвіновіч.

т. 7, с. 32

ЗВАДКАВА́ННЕ ГА́ЗАЎ,

перавод газападобных рэчываў у вадкі стан. Магчыма пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу (tкр). Звадкаваныя газы выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, атрымання нізкіх т-р, для тэхнал. мэт (напр., для газавай зваркі), як паліўныя сумесі рэактыўных рухавікоў і інш. Для прамысл. і быт. мэт ужываюцца пераважна звадкаваныя прапан C3H8 і бутан C4H10.

Упершыню быў звадкаваны аміяк (1792, М. ван Марум, Нідэрланды). Першы (каскадны, лабараторны) метад З.г. (кіслароду, азоту) прапанаваны швейц. вучоным Р.Піктэ ў 1877 і ўдасканалены нідэрл. вучоным Г.Камерлінг-Онесам у 1892. Заключаецца ў паслядоўным (ступеньчатым) звадкаванні некалькіх газаў з рознымі т-рамі кіпення, калі пры выпарэнні аднаго газу (ахаладжэнне) кандэнсуецца другі з больш нізкай т-рай кіпення. У сучаснай прам-сці З.г., tкр якіх вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца сцісканнем газу ў кампрэсары з наступнай кандэнсацыяй яго ў цеплаабменніку, які ахалоджваецца вадой або халадзільным растворам. З.г., tкр якіх значна ніжэйшая за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца метадамі т.зв. глыбокага ахаладжэння, заснаванымі на драселяванні сціснутага газу (выкарыстанне Джоўля—Томсана эфекту), на адыябатным працэсе расшырэння газу ў дэтандэры і інш. (гл. Крыягенная тэхніка).

Схема цыкла звадкавання газаў з дэтандэрам: 1—2 — сцісканне газу ў кампрэсары; 2—3 — ахаладжэнне ў цеплаабменніку; 3—7 — ахаладжэнне часткі газу за кошт знешняй работы ў дэтандэры; 3—4 — ахаладжэнне астатняй часткі газу; 4—5 — расшырэнне газу ў дросельным вентылі; 5—6 — расшырэнне газу; 6—7 — награванне газу ў цеплаабменніку.

т. 7, с. 32

«ЗВАЖА́Й»,

бел. эмігранцкі часопіс. Выдаецца з 1974 у Канадзе штоквартальна на бел. мове. Мае падзагаловак «Часопіс беларускіх ветэранаў». Змяшчае хроніку эмігранцкага жыцця, матэрыялы пра сустрэчы і з’езды эмігрантаў у Таронта, Кліўлендзе, Нью-Брансуіку, Манчэстры, Лондане. Асвятляе дзейнасць эмігранцкіх арг-цый, падзеі паліт. жыцця на Беларусі. Публікуе маст. творы, рэцэнзіі і інш.

С.У.Жумар.

т. 7, с. 33

т. 7, с. 33

ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Званіца (выцякае з возера), за 18 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 1,28 км2, даўж. 1,8 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 5 км2. Схілы катлавіны выш. 15—30 м (на 3 і ПдУ 8—9 м), пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, сплавінныя. Пойма шыр. 5—50 м (на ПнЗ і ПдУ 600—700 м) забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае. На У упадаюць 2 ручаі.

т. 7, с. 33

т. 7, с. 33

ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 48 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км2, даўж. 1,1 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 13,4 км2. Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй дно глеістае. Зарастае слаба. На Пд выцякае ручай у воз. Грыбна.

т. 7, с. 33

ЗВАНЕ́Ц

(Rhinanthus),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі 6 відаў: З. летні (Rh. aestivalis), малы (Rh. minor), бяскрылы (Rh. apterus), позні (Rh. serotinus), вясенні (Rh. vernalis), чарнеючы (Rh. nigricans). Растуць на палях, лугах, каля дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце сядзячае, супраціўнае, зубчастае, без прылісткаў. Кветкі няправільныя, двухгубыя, з цыліндрычнай трубкай, на кароткіх кветаножках, звычайна жоўтыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — 2-створкавая каробачка. Для З. характэрны сезонны дымарфізм. Паўпаразіты — утвараюць прысоскі (гаўсторыі), якімі прысмоктваюцца да каранёў злакаў. Некат. віды (напр., З. летні, З. бяскрылы) — пустазелле, ёсць лекавыя і ядавітыя расліны.

Званец малы.

т. 7, с. 33

ЗВАНЕ́Ц,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Гомель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 99 км ад Гомеля. 759 ж., 306 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры. б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 33

ЗВАНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавьгх і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.

П.Д.Лабанок.

т. 7, с. 33

ЗВАНІ́ЦА,

збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у тым ліку пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.

А.І.Лакотка.

Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.

т. 7, с. 33