ЗВАНЕ́Ц

(Rhinanthus),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі 6 відаў: З. летні (Rh. aestivalis), малы (Rh. minor), бяскрылы (Rh. apterus), позні (Rh. serotinus), вясенні (Rh. vernalis), чарнеючы (Rh. nigricans). Растуць на палях, лугах, каля дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце сядзячае, супраціўнае, зубчастае, без прылісткаў. Кветкі няправільныя, двухгубыя, з цыліндрычнай трубкай, на кароткіх кветаножках, звычайна жоўтыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — 2-створкавая каробачка. Для З. характэрны сезонны дымарфізм. Паўпаразіты — утвараюць прысоскі (гаўсторыі), якімі прысмоктваюцца да каранёў злакаў. Некат. віды (напр., З. летні, З. бяскрылы) — пустазелле, ёсць лекавыя і ядавітыя расліны.

Званец малы.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)