Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІРУКО́Ў Марат Паўлавіч

(н. 12.3.1938, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэорыі надзейнасці. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1972 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, адначасова з 1994 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па імавернасным прагназаванні надзейнасці машын і іх тэхн. дыягностыцы на стадыі паскораных выпрабаванняў і эксплуатацыі.

Тв.:

Теория и расчет механизмов и их деталей. Мн., 1975;

Динамика и прогнозирующий расчет механических систем. Мн., 1980.

т. 3, с. 157

Бірукоў Барыс Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 352

«БІРУ́ЛЬКІ»,

бел. нар. гульня. З кучкі дробных прадметаў неабходна выбраць кручком усе прадметы адзін за адным, не пасунуўшы пры гэтым астатніх.

т. 3, с. 157

БІРУНІ́ Абу Рэйхан Мухамед ібн Ахмед аль-Біруні

(4.10.973, Харэзм, Узбекістан — 13.12.1048?),

сярэднеазіяцкі вучоны-энцыклапедыст. Працы па гісторыі, матэматыцы, астраноміі («Канон Масуда», 1030), геаграфіі, тапаграфіі, фізіцы, медыцыне, геалогіі, мінералогіі і інш. Упершыню на Сярэднім Усходзе выказаў думку аб тым, што Зямля рухаецца вакол Сонца.

т. 3, с. 157

БІРУ́ТА

(сапр. Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільнюса — 27.7.1891),

бел. і польская фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнагр. даследаванне Лідскага пав. (Гродзенская вобл.). Друкавалася ў час. «Wisła» («Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага пав., паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Пілакальскую гару» з Ваўкавыскага пав. Найб. значная публікацыя — «Беларускія песні з Лідскага павета» ў час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павета» цэнзура забараніла. Рукапісы Біруты зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільнюса.

Літ.:

Саламевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11;

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 157

БІРУЧЫ́НА

(Ligustrum),

род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках М. і Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўд. Еўропе і Паўн. Афрыцы. На Беларусі для азелянення інтрадукавана беручына звычайная (L. vulgare).

Шматгадовазялёныя або лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце супраціўнае, простае. Кветкі двухполыя, у канцавых мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Плод — ягадападобная касцянка. Беручына звычайная — лістападны куст выш. 2—5 м з густаразгалінаванай кронай, бліскучым скурыстым ланцэтным лісцем і дробнымі белымі духмянымі кветкамі ў канцавой мяцёлцы. Плады чорныя, сакаўныя, бліскучыя. Засухаўстойлівая, адносна ценевынослівая дэкар., тэхн., меданосная і фарбавальная (з пладоў атрымліваюць чорную фарбу) расліна. Выкарыстоўваецца для жывых агароджаў, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.

т. 3, с. 158

БІ́РШТАНАС

(Birštonas),

горад у Літве, на р. Нёман (Нямунас), за 39 км ад Каўнаса. Вядомы з 14 ст. 4,1 тыс. ж. (1992). Бальнеалагічны і кліматычны курорт. 2 санаторыі. Краязнаўчы музей. Мінер. крыніцы вядомы з 18 ст.; інтэнсіўна выкарыстоўваюцца з 19 ст. ў лек. мэтах (піццё, ванны, арашэнні) пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані, з тарфянымі гразямі мясц. радовішчаў — пры лячэнні хвароб гінекалагічнай, апорна-рухальнай, перыферычнай нерв. сістэм. Вял. маляўнічы парк з гарой Вітаўтаса. Побач з Бірштанасам заказнік Пунайскі бор, турбаза.

т. 3, с. 158

БІРЫ́ЛА Мікалай Васілевіч

(10.9.1923, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 30.9.1992),

бел. мовазнавец. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1947 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—58 праф. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1959 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 адначасова в.а. акадэміка-сакратара. У 1982—92 акад.-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі. Навук. працы ў галіне бел. дыялекталогіі, сучаснай бел. літ. мовы, анамастыкі і лексікаграфіі. Аўтар манаграфій «Беларуская антрапанімія» (т. 1—3, 1966—82), «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986). Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Лексічны атлас беларускай мовы» (т. І, 1992) і інш. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скопле, 1983), «Слоўніка беларускай мовы» (1987).

т. 3, с. 158

БІРЫ́ЛА Сцёпка, бел. пісьменнік пач. 20 ст. У 1915 у газ. «Наша ніва» апублікаваў апавяданні «Пятрусь» і «Стражнік» (апошняе выд. асобна, Вільня, 1915), у якіх паказаў характэрныя з’явы бел. вясковага побыту. Апавяданні напісаны жывой нар. моваю, персанажы выразна акрэслены (браты Амільян і Міхалка з-за маёмасных адносін становяцца ворагамі).

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.

т. 3, с. 158

БІРЫ́ЛА Сцяпан Сцяпанавіч

(14.8.1903, Мінск — 15.7.1978),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. Працаваў у т-рах Волагды, Архангельска, Віцебска, Гомеля. З 1926 у БДТ-3, з 1928 у т-ры імя Я.Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Створаныя ім вобразы вызначаліся дакладным знешнім малюнкам, глыбокай псіхалагічнай распрацоўкай: Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Вашамірскі («Салавей» З.Бядулі), Лютынскі («Канец дружбы» К.Крапівы), Хірт («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Секяржыцкі («Амністыя» М.Матукоўскага), Беркутаў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Акаёмаў («Машачка» А.Афінагенава), Якаў Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага), Ксанф («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Фярэкіс («Патрабуецца лгун» Дз.Псатаса) і інш.

т. 3, с. 158