БІ́РЫЧ Тамара Андрэеўна
(н. 5.4.1939, Мінск),
бел. афтальмолаг. Д-р мед. н., праф. (1988). Дачка Т.В.Бірыч. Скончыла Мінскі мед. ін-т (1962). З 1975 працуе ў ім. Навук. працы па камп’ютэрных метадах дыягностыкі і даследаванняў у афтальмалогіі з выкарыстаннем флюарэсцэнтнай ангіяграфіі, вывучэнні ўздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку, укараненні новых тэхналогій хірург. лячэння глаўком, катарактаў, адслаення сятчаткі. Распрацавала і ўкараніла рэканструкцыйныя аперацыі на вочным яблыку (у т. л. перасадку рагавіцы), імплантацыю штучных хрусталікаў пасля выдалення катарактаў, лазерныя метады лячэння хвароб вачэй.
т. 3, с. 158
БІ́РЫЧ Таццяна Васілеўна
(10.1.1905, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1993),
бел. афтальмолаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р мед. н., праф. (1948). Герой Сац. Працы (1974). Засл. ўрач Беларусі (1948), засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыла БДУ (1928). З 1932 у Мінскім мед. ін-це, з 1945 заг. кафедры. У 1941—45 у Саратаўскім мед. ін-це. Адначасова ў 1945—85 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па выкарыстанні аксігенатэрапіі пры лячэнні хвароб вачэй, туберкулёзу і апёкаў вачэй, глаўкомы, трахомы. Прапанавала кератапластыку, меры па прафілактыцы блізарукасці, пасляродавых зменаў органа зроку ў немаўлят, новаўтварэнняў вачэй, траўматызму органаў зроку.
Тв.:
Оксигенотерапия в офтальмологии. Мн., 1972;
Изменение глазного дна у новорожденных при нормальных и патологических родах. Мн., 1975 (разам з В.М.Ператыцкай);
Ожоги глаз. Мн., 1979;
Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984.
Т.А.Бірыч.
т. 3, с. 158
БІРЫЧЭ́ЎСКІ Аляксей Іванавіч
(2.3.1914, г. Вялікі Усцюг, Расія — 4.3.1987),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю ў Архангельску (1932). Працаваў у т-рах Вялікага Усцюга, Калініна, Ціраспаля і інш. У 1950—84 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вызначаліся арганічнасцю і жыццёвай праўдай. Сярод лепшых роляў бел. рэпертуару: Снапок («Калі зацвітаюць сады» В.Палескага), Швагераў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Вартаўнік Варэніч («Трывога» А.Петрашкевіча), Першы кліент («Мілы чалавек» К.Крапівы). Паспяхова выступаў у п’есах А.Астроўскага і М.Горкага.
т. 3, с. 158
БІ́СА,
карэта сапраўдная (Eretmochelys imbricata), паўзун сям. марскіх чарапах. Адзіны від роду, 2 падвіды: адзін у Атлантычным ак. і Міжземным м., другі ў Ціхім і Індыйскім акіянах.
Даўж. панцыра 80—90 см. Рагавыя шчыткі панцыра маладых асобін чарапіцападобна налягаюць адзін на адзін, у дарослых спінны шчыт гладкі. Размнажаюцца на сушы. Самкі ў глебу адкладваюць 150—200 яец. Кормяцца малюскамі, асцыдыямі, членістаногімі, водарасцямі. З рагавых шчыткоў бісы — «карэй» (адсюль другая назва) робяць чарапахавыя вырабы; мяса і яйцы выкарыстоўваюць у ежу. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
т. 3, с. 159
БІСА́У
(Bissau),
горад, сталіца Гвінеі-Бісау. Адм. ц. аўт. сектара Бісау. Засн. партугальцамі ў 1687. 125-тыс. ж. (1988). Порт на Атлантычным ак. (вываз пальмавага алею, арахісу, скур, лесаматэрыялаў). Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. цэнтр краіны (каля 60% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны). Харчасмакавая, лесапільная, мэблевая, лёгкая прам-сць. Ганчарная вытв-сць. Суднарамонт. Гісторыка-маст. Музей.
т. 3, с. 159
БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ
(ад бі... + лац. sexualis палавы),
1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.
2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.
т. 3, с. 159
БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.
т. 3, с. 159
БІ́СЕР
(ад араб. бусра шклярус),
дробныя рознакаляровыя шкляныя (часам металічныя) пацеркі з адтулінамі. Выкарыстоўваюцца для вышывання (на прадметах побыту, жаночага адзення і інш.).
т. 3, с. 159
БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў
(франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),
заліў у Атлантычным ак. каля зах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл. каля 194 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш. Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, Сен-Назер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).
З.Я.Андрыеўская.
т. 3, с. 159