Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІСКВІ́Т

(франц. biscuit ад лац. bis coctus двойчы спечаны),

1) непакрыты палівай фарфор, які найчасцей выкарыстоўваюць для стварэння фарфоравай мяккай пластыкі. З сярэдзіны 18 ст. ў Германіі, пазней у Расіі, Францыі, Даніі з бісквіту выраблялі настольныя скульпт. фігуры і групы.

2) Кандытарскі выраб; печыва з мукі, узбітых яек, цукру і інш.

т. 3, с. 159

БІСКУ́ПІНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,

археалагічны помнік жал. веку (сярэдзіна 6—5 ст. да н.э.) каля в. Біскупін Быдгашчцкага ваяв. Польшчы. Пляцоўка ўмацавана сцяной з драўляных канструкцый, запоўненых зямлёй і камянямі. Да варот гарадзішча праз тарфянік вёў драўляны мост (даўж. 120 м). Выяўлены рэшткі больш за 100 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, пастаўленых уздоўж 1 акружной і 11 папярочных вуліц з драўлянай вымасткай. Насельніцтва (1000—1200 чал.) належала да плямёнаў лужыцкай культуры.

Літ.:

Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974. С. 346.

т. 3, с. 159

БІ́СМАРК (Bismarck, Bismark) Ота Эдуард Леапольд фон Шонгаўзен (Schönhausen; 1.4.1815, Шонгаўзен, зямля Саксонія-Ангальт, Германія — (30.7.1898), дзяржаўны дзеяч Германіі, заснавальнік і першы канцлер Герм. імперыі. Князь (1871). Вывучаў права ў Гётынгене і Берліне (1832—35). Дэп. 1-га і 2-га аб’яднаных ландтагаў Прусіі (1847—48). З 1848 чл. Кансерватыўнай партыі. Прадстаўляў Прусію ў бундэстагу ў Франкфурце-на-Майне (1851—59). Прускі пасланнік у Расіі (1859—62) і Францыі (1862). У 1862—90 прускі прэм’ер-міністр. Канцлер Паўн.-герм. саюза (1867—71), рэйхсканцлер Германіі (1871—90). Пасля, дацкай вайны 1864, аўстра-прускай вайны 1866 і франка-прускай вайны 1870—71 ажыццявіў аб’яднанне герм. зямель пад вяршэнствам Прусіі. Адзін з гал. арганізатараў Траістага саюза 1882, накіраванага супраць Францыі і Расіі, аднак лічыў вайну з Расіяй вельмі небяспечнай для Германіі. Ва ўнутр. палітыцы праводзіў «Культуркампф», увёў Выключны закон супраць сацыялістаў, законы аб сац. страхаванні (1883—89) і інш. Аўтар кн. «Думкі і ўспаміны» (т. 1—2, 1898).

т. 3, с. 159

БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г

(Bismark Archipelago),

Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс. км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.Схаўтэнам і Я.Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.

т. 3, с. 160

БІСТР

(франц. bistre),

карычневая празрыстая фарба з драўнянай сажы, змешанай з растваральным у вадзе раслінным клеем. Выкарыстоўвалася еўрап. мастакамі 15—18 ст. для малявання пэндзлем і пяром. Выцеснена сепіяй і тушшу.

т. 3, с. 160

БІСУЛЬФА́ТЫ,

гл. Гідрасульфаты.

т. 3, с. 160

БІСУЛЬФІ́ТЫ,

гл. Гідрасульфіты.

т. 3, с. 160

БІСУ́САВАЯ ЗАЛО́ЗА

(ад грэч. byssos тонкая пража),

орган двухстворкавых малюскаў, што выпрацоўвае арган. рэчыва (бісус) у выглядзе вельмі моцных нітак. Знаходзіцца ў т.зв. «назе» і гамалагічна падэшвеннай залозе бруханогіх малюскаў; часам яна функцыяніруе толькі ў лічынак. Бісус складаецца з задубленага бялку, блізкага да канхіяліну ракавіны малюскаў і да фібраіну шоўку членістаногіх. Пры яго дапамозе малюскі прымацоўваюцца да субстрату. У старажытнасці і сярэднявеччы бісус выкарыстоўваўся на выраб тканіны (вісону).

т. 3, с. 160

БІСФЕНО́Л А,

гл. Дыфенілолпрапан.

т. 3, с. 160

БІТ

(англ. bit),

1) у вылічальнай тэхніцы двайковы разрад машыннага слова; пазіцыя двайковай лічбы ў двайковым кодзе; састаўная частка байта. Лік бітаў памяці ЭВМ вызначае найб. колькасць інфармацыі, якая ў ёй змяшчаецца. Колькасць бітаў ліку — колькасць двайковых разрадаў для яго запісу.

2) У тэорыі інфармацыі — адзінка вымярэння колькасці інфармацыі. 1 біт дае крыніца інфармацыі з 2 узаемна выключальнымі роўнаімавернымі паведамленнямі.

т. 3, с. 160