БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.