Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІПАЛІ́ДЫ,

гл. Біпатрыды.

т. 3, с. 155

БІПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад бі... + грэч. polos полюс) у экалогіі, геаграфічнае пашырэнне жывых арганізмаў адзінага віду ў халодных і ўмераных шыротах абодвух паўшар’яў (напр., мідыі, акулы, анчоўсы, кількі, коцікі, кіты, сардзіны, вушастыя цюлені, шэрыя дэльфіны і інш.) і іх адсутнасць у трапічным поясе.

т. 3, с. 155

БІПАТРЫ́ДЫ (ад бі... + грэч. patris (patridos) айчына, радзіма], біпаліды, у міжнародным праве асобы, якія адначасова знаходзяцца ў грамадзянстве двух і больш дзяржаў, г. зн. маюць двайное грамадзянства. Адбываецца пераважна з-за разыходжання законаў аб грамадзянстве розных дзяржаў. Сучаснае міжнар. права не валодае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыяй пытанняў, што ўзнікаюць у сувязі з біпатрыдамі.

т. 3, с. 155

БІПЛА́Н

(ад бі... + план),

самалёт з двума крыламі, якія размешчаны адно над адным з двух бакоў фюзеляжа. Да 1930-х г. схема біплана была пераважнай для вучэбных, знішчальных і разведвальных самалётаў. Пазней біплан выцеснены манапланамі. У краінах СНД біплан (Ан-2, Ан-24) выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, для мясц. перавозак і інш., за мяжой — у с.-г. і спарт. авіяцыі.

т. 3, с. 155

БІР

(малд. даніна, падатак),

у Малдове падворны падатак з сялян, вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. падворная даніна Турцыі, а таксама збор на падарункі султану.

т. 3, с. 155

БІРАБІДЖА́Н,

горад у Расійскай Федэрацыі, на р. Біра, цэнтр Яўрэйскай аўтаномнай вобласці. 84,7 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (збожжа- і сіласаўборачныя камбайны, сілавыя трансфарматары), лёгкая (трыкат., швейная, абутковая), дрэваапр., харч. прам-сць. Пед. ін-т. Краязнаўчы музей. Драм. і муз. т-ры.

Засн. ў 1928 на месцы чыг. ст. Ціханькая (узнікла ў 1912 пры буд-ве Транссібірскай магістралі). Назва ад рэк Біра і Біджан. З 1931 рабочы пасёлак, з 1934 цэнтр Яўр. аўт. вобласці, з 1937 горад.

т. 3, с. 155

БІРА́ЛА Захар Якаўлевіч

(2.2.1906, в. Раўнаполле Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 14.9.1993),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1934). Настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны, у 1937 зняволены на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Горкаўскай вобл. на лесараспрацоўках. Вызвалены ў 1940, рэабілітаваны ў 1958. Удзельнік Айч. вайны. У 1945—73 выкладчык Мар’інагорскага с.-г. тэхнікума. Друкаваўся з 1925. У 1929 пад псеўд. Захар Бульбянік выдаў зб. «Смех і радасць вёскі» (гумарыст. вершы, частушкі). Аўтар зб-каў лірыкі, жартаў і гумарыстычных вершаў «Цвітуць кветкі», «У пажарным парадку» (1968), «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), «Ружы і крапіва».

т. 3, с. 155

БІРБРА́ЕР Яўген Абрамавіч

(1912, г. Гомель — 6.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т журналістыкі (1934), курсы «Выстрал». Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Сталінградскім і Сцяпным франтах. Мінамётная рота пад камандаваннем ст. лейт. Бірбраера ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Днепрапятроўскай вобл. на захопленым плацдарме падтрымлівала пераправу асн. сіл палка, адбіла 12 контратак праціўніка. Загінуў у баі.

т. 3, с. 155

БІРВЕ́ТА,

рака ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. і Літве, правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 34 км, у т. л. ў межах Беларусі 3 км. Пл. вадазбору 1600 км².

Пачынаецца з воз. Эрзветас і цячэ на працягу 31 км па тэр. Літвы. Ніжэй цячэ па Полацкай нізіне. Асн. прыток на Беларусі — р. Мядзелка.

т. 3, с. 155

БІРД (Beard) Чарлз Остын

(27.11.1874, Найтстаўн, штат Індыяна, ЗША — 1.9.1948),

амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў эканам. кірунку ў гістарыяграфіі ЗША. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1904—17 — праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку і ун-та ў Балтымары. Адзін з заснавальнікаў новай школы сац. даследаванняў у Нью-Йорку (1919). З 1933 прэзідэнт Амер. гіст. асацыяцыі. Даследаваў уплыў эканомікі на развіццё грамадскіх ін-таў ЗША, ролю эканам. і сац. фактараў у гісторыі і інш. Асн. працы: «Эканамічнае тлумачэнне канстытуцыі ЗША» (1913), «Развіццё амерыканскай цывілізацыі» (т. 1—2, 1927, разам з М.Р.Бірд) і інш.

т. 3, с. 155