БІРУ́ТА
(сапр. Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільнюса — 27.7.1891),
бел. і польская фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнагр. даследаванне Лідскага пав. (Гродзенская вобл.). Друкавалася ў час. «Wisła» («Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага пав., паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Пілакальскую гару» з Ваўкавыскага пав. Найб. значная публікацыя — «Беларускія песні з Лідскага павета» ў час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павета» цэнзура забараніла. Рукапісы Біруты зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільнюса.
Літ.:
Саламевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)