Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САН-ХУА́Н (San Juan),

горад на З Аргенціны, на р. Сан-Хуан. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Засн. ў 1562. Каля 350 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харчасмакавая, у т. л. вінаробства, перапрацоўка агародніны і фруктаў; маш.-буд., цэментная. Цэнтр буйнога раёна вінаградарства і агародніцтва. Ун-т. Неаднойчы быў разбураны землетрасеннямі.

т. 14, с. 165

САП,

другая назва воз. Танлесап у Камбоджы.

т. 14, с. 165

САП,

вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека са з’явамі інтаксікацыі і ўтварэннем спецыфічных гранулём. Узбуджальнік — палачкападобная бактэрыя псеўдамонас хворых жывёл (коні, аслы, мулы і інш.). Чалавек часцей заражаецца ад хворых на С. коней праз пашкоджаныя скуру, слізістыя абалонкі. С. бывае востры і хранічны. На месцы пранікнення ўтвараецца чырвона-барвовая папула, потым пухірок (пустула), які разбураецца з утварэннем язвы. Прыкметы С.: высокая т-ра цела (да 40,5 °C), галаўны і мышачны боль, прыпухласць у вобласці суставаў, на скуры множныя вузельчыкі і папулы. Абсцэсы ўтвараюцца таксама ў мышцах (асабліва ікраножных), лёгкіх, печані, селязёнцы, суставах, касцях з далейшым фарміраваннем свішчоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Хворых жывёл знішчаюць.

А.​А.​Астапаў.

т. 14, с. 165

САПАНА́РЫЯ,

род кветкавых раслін, тое, што мыльнік.

т. 14, с. 165

САПАНІ́НЫ,

арганічныя безазоцістыя рэчывы, у якіх цукры злучаны з вытворнымі стэрынаў. Ўтрымліваюцца гал. чынам у раслінах, знойдзены таксама ў тканках ігласкурых.

Аморфныя, бясколерныя ці жаўтаватыя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (растворы пеняцца, як мыла). Уваходзяць у састаў лек. прэпаратаў расл. паходжання (напр., кара мыльнага дрэва, салодка), якія ўжываюцца як адхарквальная і мачагонныя сродкі. Некат. С. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці стэроідных гармонаў.

т. 14, с. 165

САПАНІ́Т [ад лац. sapo (saponis) мыла],

мыльны камень, мінерал падкласа слаістых сілікатаў, групы мантмарыланіту. Хім. састаў NaMg3[AlSi3O10](OH)2∙4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Цв. С. (сухога) 2,5 шчыльн. 2,24—2,3 г/см³. У вільготным стане скопішчы мяккія і тлустыя, у сухім шчыльныя, крохкія. Утвараецца пры выветрыванні цёмнакаляровых (магніевых) мінералаў ультраасноўных парод (серпентынітаў). Валодае якасцямі бентанітаў. Трапляецца ў зямлістых глінападобных або шчыльных скрытакрышт. масах. Гл. таксама Адбельныя гліны.

т. 14, с. 165

СА́ПАРА,

горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хакайда паблізу Японскага м. Адм., эканам. і культ. цэнтр вострава. Засн. каля 1871. Каля 2 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, паблізу марскі порт Атару. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. авіябудаванне), тэкст. (вытв-сць ільняных і пяньковых вырабаў), нафтаперапр., нафтахім., гумавая, фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, лесапільная і дрэваапр., харчасмакавая (піва, рыбныя кансервы), паліграфічная. Метрапалітэн. 4 ун-ты, у т. л. ун-т Хакайда, пры якім дзейнічае Ін-т славістыкі з багатым кнігазборам. Бат. сад, бат. і этнагр. музеі. Паркі Накадзіма і Маруяма. Цэнтр. зімовага спорту. У С. адбыліся XI зімовыя Алімп. гульні (1972).

т. 14, с. 166

САПАСНЕ́ВІЧ,

жывапісец 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. Працаваў на Беларусі. Аўтар алтарнага абраза «Св. Іосіф з дзіцём» (1701).

М.​М.​Яніцкая.

т. 14, с. 166

САПА́ТА ((Zapata) Эміліяна) (8.8.1879, Аненекуілька, Мексіка — 10.4.1919),

адзін з кіраўнікоў Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Удзельнік і кіраўнік барацьбы сялян раёна Куаутлы за сваю зямлю супраць латыфундыстаў. З пач. рэвалюцыі выступіў на баку Ф.​І.​Мадэра супраць дыктатуры П.​Дыяса, стварыў сял. армію, якая дзейнічала на Пд ад г. Мехіка. Калі Мадэра выявіў няздольнасць вырашыць агр. пытанне, С. прапанаваў сваю агр. праграму (т.зв. «план Аяла»), якая прадугледжвала канфіскацыю зямель латыфундыстаў і іх размеркаванне сярод беззямельных сялян. У 1913—14 на чале Вызваленчай арміі Поўдня змагаўся супраць дыктатуры В.​Уэрты. Пасля таго як Уэрта быў скінуты (ліп. 1914), сумесна з Ф.​Вілья выступіў супраць прэзідэнта В.​Карансы, які марудзіў з вырашэннем зямельнага пытання. Іх атрады занялі г. Мехіка (снеж. 1914 — студз. 1915), але былі вымушаны пакінуць яго. Забіты адным з паплечнікаў. Імя С. носіць леварадыкальны паўстанцкі рух у мексіканскім штаце Ч’япас, які з сярэдзіны 1990-х г. вядзе ўзбр. барацьбу за правы індзейцаў.

т. 14, с. 166

САПАТЭ́КІ,

індзейскі народ, які жыве ў Мексіцы. У 1990-я г. каля 380 тыс. чал. Мова С. належыць да атаміміштэкаса-патэцкіх моў. Паводле веравызнання С. фармальна католікі, але захоўваюць шматлікія элементы традыц. вераванняў. Асн. заняткі — с.-г. праца, рамяство, у т. л. вытв-сць сувеніраў для турыстаў. С. стварылі высокую своеасаблівую культуру, самыя стараж. помнікі якой датуюцца 10 ст. да н.э. Росквіт адбываўся ў 2—5 ст. н.э. С. будавалі храмы на пірамідальных асновах, палацы, збудаванні для рытуальнай гульні ў мяч, «абсерваторыі» для астр. назіранняў. Цікавыя скляпы — закапаныя ў зямлю будынкі з багата ўпрыгожанымі фасадамі. Рэльефы адлюстроўваюць гратэскавыя фігуры «танцораў» (8—4 ст. да н.э.), пазней — божастваў, правіцеляў, жрацоў, палонных і інш. На фігурных керамічных пасудзінах адлюстраваны фігуры з партрэтнымі тварамі, у складаных галаўных уборах ці шлемах. Са з’яўленнем еўрапейцаў у Амерыцы культура С. была практычна знішчана.

т. 14, с. 166