САП,
вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека са з’явамі інтаксікацыі і ўтварэннем спецыфічных гранулём. Узбуджальнік — палачкападобная бактэрыя псеўдамонас хворых жывёл (коні, аслы, мулы і інш.). Чалавек часцей заражаецца ад хворых на С. коней праз пашкоджаныя скуру, слізістыя абалонкі. С. бывае востры і хранічны. На месцы пранікнення ўтвараецца чырвона-барвовая папула, потым пухірок (пустула), які разбураецца з утварэннем язвы. Прыкметы С.: высокая т-ра цела (да 40,5 °C), галаўны і мышачны боль, прыпухласць у вобласці суставаў, на скуры множныя вузельчыкі і папулы. Абсцэсы ўтвараюцца таксама ў мышцах (асабліва ікраножных), лёгкіх, печані, селязёнцы, суставах, касцях з далейшым фарміраваннем свішчоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Хворых жывёл знішчаюць.
А.А.Астапаў.
т. 14, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)