Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЭ́ЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Крэва (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны каля сутокаў рэк Краўлянка і Шляхцянка. Замак у плане — няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі, на 2-метровым падмурку. Сцены ўнізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўд. сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход — праём спічастай формы. Абарону замка ўзмацнялі 2 вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. На выш. 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя — памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. У К.з. выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі 1385. У 1433 замкам авалодаў кн. Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон, у 1503—06 замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Моцна пацярпеў у 1-ю сусв. вайну. Вядзецца кансервацыя, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі.

Крэўскі замак. Рэканструкцыя М.А. Ткачова. Мастак Я.Кулік.

т. 8, с. 541

КРЭ́ФЕЛЬД (Krefeld),

горад на З Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. 243 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Адзін са значных цэнтраў Рэйнска-Вестфальскага прамысл. раёна. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. цяжкае, тэкст., станкабуд.), вытв-сць якасных сталяў, каляровая металургія, тэкст. (шоўк, аксаміт), швейная, хім., харчовая. Вышэйшая тэхн. школа. Тэкст. музей. Бат. сад. Заасад.

т. 8, с. 542

КРЭЦІНІ́ЗМ (франц. crétinisme ад crétin крэцін, ідыёт, прыдуркаваты),

прыроджаная разумовая адсталасць з затрымкай фіз. развіцця і парушэннем функцый шчытападобнай залозы. Бывае ў выглядзе эндэмій (эндэмічны К.) і ўспышак (спарадычны К.). Псіхічная адсталасць пры выражаным К. дасягае ступені ідыятыі.

т. 8, с. 542

КРЭЦЬЕ́Н ((Chrétien) Жан Лу) (н. 20.8.1938, г. Ла-Рашэль, Францыя),

першы французскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), брыгадны генерал. Скончыў Ваенна-паветр. школу ў г. Салон-дэ-Праванс (1963), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў у г. Істр (1977). З 1980 у групе касманаўтаў НАСА. З 1982 кіраўнік палётаў Нац. цэнтра касм. даследаванняў Францыі. 24.6—2.7.1982 з У.А.Джанібекавым і А.С.Іванчэнкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз Т-6» і арбітальнай станцыі «Салют-7»; 26.11—21.12.1988 з А.А.Волкавым і С.К.Крыкалёвым — палёт на касм. караблях «Саюз ТМ-6, -7» і арбітальным комплексе «Мір», у час якога выходзіў у адкрыты космас (6 гадз); 26.9—7.10.1997 — палёт на касм. караблі «Атлантыс» (ЗША) і арбітальным комплексе «Мір». Правёў у космасе 43,47 сут.

У.С.Ларыёнаў.

Ж.Л.Крэцьен.

т. 8, с. 542

КРЭ́ЧАТ (Falko rusticolus, або F. gyrfalco),

птушка сям. сакаліных атр. драпежных. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца на скалістых узбярэжжах мораў і ў лесатундры. Жыве парамі, устойлівымі многія гады. Усюды рэдкі, сусв. папуляцыя ацэньваецца ў некалькі тысяч пар. Падлягае ахове.

Самы буйны з сапр. сокалаў: даўж. да 60 см, маса самца да 1,5 кг, самкі да 2 кг. Апярэнне шэрае або белае з шэрымі меткамі, верх цямнейшы. Корміцца пераважна птушкамі, грызунамі. Гнёзды на скалах, абрывістых берагах ці высокіх дрэвах. Нясе 3—5 яец. Лоўчая птушка для сакалінага палявання.

Крэчат.

т. 8, с. 542