Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

О́ЛБАНІ (Albany),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Нью-Йорк. Засн. ў 1614. 103,6 тыс. ж., з гарадамі Скенектады, Трой і агульнымі прыгарадамі каля 900 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Гудзон даступны для марскіх суднаў, каля пачатку канала Эры. Гандл.-размеркавальны цэнтр. Прам-сць: паліграф., тэкст., трыкат., швейная, харч.; вытв-сць пластмас. 2 ун-ты. Арх. помнікі: галандскі форт (17 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.) і інш.

т. 11, с. 432

О́ЛБІ ((Albee) Эдуард Франклін) (н. 12.3.1928, Вашынгтон),

амерыканскі драматург. Чл. Нац. акадэміі мастацтваў і л-ры (з 1966). Скончыў Трыніты-каледж, вучыўся ў Калумбійскім ун-це. Дэбютаваў аднаактовай п’есай «Выпадак у заапарку» (1959). Асн. тэмы твораў О. — «амерыканская мара» і «амерыканская трагедыя», адчужанасць людзей, маральнае аблічча сучаснага амерыканца, яго ўзаемадачыненні з грамадствам. Аўтар п’ес «Смерць Бесі Сміт» (1960), «Амерыканская мара» (1961), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» (1962), «Няўстойлівая раўнавага» (1966), «Усё скончана» (1971), «Марскі пейзаж» (1975), «Лэдзі з Дуб’юка» (1980), «Чалавек, які меў тры рукі» (1983), драм. дылогіі «Слухаючы» (1975) і «Падлічваючы спосабы» (1976) і інш. Паэтыка яго п’ес уключае эксперымент, разнастайныя алагізмы і абсурдысцкія прыёмы, уважлівае стаўленне да псіхалогіі персанажа. Інсцэніраваў творы К.​Мак-Калерс, Дж.​Ф.​Купера, У.​Набокава і інш. На бел. сцэне паводле яго п’ес пастаўлены спектаклі «Усё ў садзе» паводле Купера (1984, Дзярж. рус. драм. т-р), «Не баюся Вірджыніі Вулф» (1985, Тэатр-студыя кінаакцёра), «Лаліта» паводле Набокава (1990, Гродзенскі абл. драм. т-р; 1991, Брэсцкі т-р драмы і музыкі).

Тв.:

Рус. пер. — [Пьесы]. М., 1976.

Літ.:

Писатели США. М., 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 11, с. 432

О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Айра Фрэдэрык) (каля 1805, Нью-Йорк — 7.8.1867),

амерыканскі акцёр-трагік. З негрыцянскай сям’і. Творчую дзейнасць пачаў у 1820-я г. ў аматарскім негрыцянскім т-ры ў Нью-Йорку. З 1826 у лонданскім, потым выступаў у т-рах многіх еўрап. краін, у т. л. ў 1858—59, 1861—62 у Расіі. Першы амер. акцёр, які заваяваў сусв. славу выкананнем шэкспіраўскіх роляў.

Літ.:

Дурылин С.Н. Айра Олдридж. М.; Л., 1940.

т. 11, с. 432

О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.​Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.​Хемінгуэя і Ф.​С.​Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.​Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.

Тв.:

Бел. пер. — Паляўнічы. Мн., 1996;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986;

Подлинная история плеваки Мак-Фи. М., 1992.

Літ.:

Балашов П.С. Джеймс Олдридж. 2 изд. М., 1977.

Е.​А.​Лявонава.

Дж.Олдрыдж.

т. 11, с. 432

О́ЛДРЫН ((Aldrin) Эдвін) (н. 20.1.1930, г. Глен-Рыдж, ЗША),

касманаўт ЗША; другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Палкоўнік ВПС (з 1972 у адстаўцы). Д-р н. па касманаўтыцы (1963). Скончыў Ваенную акадэмію ЗША (1951), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1963). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 11—15.11.1966 з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-12» (як другі пілот), у час якога выходзіў у адкрыты космас, 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і М.Колінзам — першы палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-11». У космасе правёў 12,08 сут, у т. л. на Месяцы 21,6 гадз. Медаль НАСА «За выдатныя заслугі». Імем О. названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

Э.Олдрын.

т. 11, с. 432

О́ЛДУВАЙ, Олдавай (Olduvai, Oldoway),

цясніна на Пн Танзаніі, за 36 км на ПнУ ад воз. Эясі, дзе знойдзены рэшткі выкапнёвых прыматаў, адны з найстаражытнейшых у свеце, і рэшткі палеалітычных культур. Даследавалі ў 1930—60-я г. Л.С.Б.Лікі і М.​Лікі. У 1959—63 у ніжнім пласце, які пачаў намнажацца каля 1,9 млн. г. назад, знойдзены косці зінджантрапа і прэзінджантрапа, жылыя і лагерныя стаянкі з галечнымі прыладамі, чоперамі і прыладамі на адшчэпах. Косці прыматаў маюць узрост 1,75 млн. гадоў. У пласце, які залягаў вышэй (1,2—0,5 млн. гадоў), разам з каменнымі прыладамі знойдзены косці людзей, што займалі прамежкавае становішча паміж Homo habilis (чалавекам умелым) і пітэкантрапам. Гэтыя пласты перакрыты стараж.-ашэльскімі (шэльскімі) праслойкамі, у ’адной з якіх выяўлены косці т.зв. олдувайскага пітэкантрапа. Прылады працы гэтага перыяду больш дасканалыя, трапляюцца грубыя ручныя рубілы. У верхнім пласце знойдзены косці, якія нагадваюць косці неандэртальца.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 11, с. 433

О́ЛДЫНГТАН ((Aldington) Рычард) (8.7.1892, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 27.7.1962),

англійскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік л-ры т.зв. страчанага пакалення. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. З 1939 жыў у эміграцыі (ЗША, Францыя). Літ. дзейнасць пачаў як паэт у рэчышчы імажызму (зб-кі «Імажысты», 1914; «Вобразы старыя і новыя», 1916, і інш.). Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Смерць героя» (1929) пра злачыннасці вайны і лёс «страчанага пакалення». Раманы «Дачка палкоўніка» (1931), «Усе людзі — ворагі» (1933), «Жанчыны павінны працаваць» (1934), «Сапраўдны рай» (1937), «Сямёра супраць Рыўза» (1938), «Непрыняты госць» (1939) пра трагічныя наступствы 1-й сусв. вайны, лёс пасляваен. пакалення, становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве, узаемаадносіны «бацькоў і дзяцей». Аўтар зб. апавяд. «Шляхі да славы» (1930), паэмы «Крыштальны свет» (1937), раманізаваных біяграфій Д.​Г.​Лорэнса, Р.​Л.​Стывенсана і інш. Яго творчасць адметная спалучэннем лірычна-спавядальнага з натуралістычным і сатырычна-гратэскавым. Перакладаў з франц. і італьян. моў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1988—89.

Літ.:

Урнов М.В. Ричард Олдингтон. М., 1968;

Ричард Олдингтон: Биобиблиогр. указ. М., 1965.

Е.​А.​Лявонава.

Р.Олдынгтан.

т. 11, с. 433

О́ЛДЭМ (Oldham),

горад на З Вялікабрытаніі, у канурбацыі Вял. Манчэстэр. Каля 230 тыс. ж. (1999). Прам-сць: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., тэкст.; баваўняная, швейная, харч., паліграфічная. Маст. галерэя (англ. мастацтва 19—20 ст.).

т. 11, с. 433

«ОЛД ВІК»

(Old Vic Theatre),

найбуйнейшы драм. т-р у Лондане. Адкрыты 11.5.1818 як т-р тыпу мюзік-хола пад назвай «Кобург тыэтр», з 1833 — Т-р Вікторыі (у народзе фамільярна наз. «Old Vic» — «Старая Вік»). У 1880 у т-ры размясціўся цэнтр оперы і драмы — Каралеўская зала Вікторыі. З канца 1890-х г. вядучы т-р Вялікабрытаніі. Ставіліся пераважна п’есы класічнай англ. і сусветнай драматургіі. З 1914 спецыялізуецца на пастаноўцы п’ес У.​Шэкспіра. У розны час кіраўнікамі т-ра былі Л.​Бейліс, Т.​Гатры, Л.​Аліўе (сумесна з Р.​Рычардсанам і Дж.​Барэлам), Х.​Хант, М.​Бентал, М.​Эліят і інш.; выступалі акцёры Дж.​Гілгуд, Аліўе, А.​Гінес, Ч.​Лотан, Рычардсан, М.​Рэдгрэйв, С.​Торндайк, П.​Эшкрафт і інш. У 1963—76 у памяшканні т-ра выступаў Нац. т-р Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 432

О́ЛЕУМ (ад лац. oleum vitrioli купарваснае масла),

раствор трыаксіду серы SO3 у бязводнай сернай кіслаце.

Звычайна вырабляюць О., што мае па масе 18—20% SO3 (часам — да 60%). Цяжкая масляністая вадкасць, «дыміць» у вільготным паветры. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў і інш. Вельмі агрэсіўнае рэчыва: пашкоджвае слізістыя абалонкі і дыхальныя шляхі (ГДК аэразолю ў паветры рабочай зоны 1 мг/м³), выклікае апёкі скуры.

т. 11, с. 433