О́ЛБІ ((Albee) Эдуард Франклін) (н. 12.3.1928, Вашынгтон),
амерыканскі драматург. Чл. Нац. акадэміі мастацтваў і л-ры (з 1966). Скончыў Трыніты-каледж, вучыўся ў Калумбійскім ун-це. Дэбютаваў аднаактовай п’есай «Выпадак у заапарку» (1959). Асн. тэмы твораў О. — «амерыканская мара» і «амерыканская трагедыя», адчужанасць людзей, маральнае аблічча сучаснага амерыканца, яго ўзаемадачыненні з грамадствам. Аўтар п’ес «Смерць Бесі Сміт» (1960), «Амерыканская мара» (1961), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» (1962), «Няўстойлівая раўнавага» (1966), «Усё скончана» (1971), «Марскі пейзаж» (1975), «Лэдзі з Дуб’юка» (1980), «Чалавек, які меў тры рукі» (1983), драм. дылогіі «Слухаючы» (1975) і «Падлічваючы спосабы» (1976) і інш. Паэтыка яго п’ес уключае эксперымент, разнастайныя алагізмы і абсурдысцкія прыёмы, уважлівае стаўленне да псіхалогіі персанажа. Інсцэніраваў творы К.Мак-Калерс, Дж.Ф.Купера, У.Набокава і інш. На бел. сцэне паводле яго п’ес пастаўлены спектаклі «Усё ў садзе» паводле Купера (1984, Дзярж. рус. драм. т-р), «Не баюся Вірджыніі Вулф» (1985, Тэатр-студыя кінаакцёра), «Лаліта» паводле Набокава (1990, Гродзенскі абл. драм. т-р; 1991, Брэсцкі т-р драмы і музыкі).
Тв.:
Рус. пер. — [Пьесы]. М., 1976.
Літ.:
Писатели США. М., 1990.
Е.А.Лявонава.
т. 11, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)