О́ЛДРЫН ((Aldrin) Эдвін) (н. 20.1.1930, г. Глен-Рыдж, ЗША),
касманаўт ЗША; другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Палкоўнік ВПС (з 1972 у адстаўцы). Д-рн. па касманаўтыцы (1963). Скончыў Ваенную акадэмію ЗША (1951), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1963). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 11—15.11.1966 з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-12» (як другі пілот), у час якога выходзіў у адкрыты космас, 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і М.Колінзам — першы палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-11». У космасе правёў 12,08 сут, у т. л. на Месяцы 21,6 гадз. Медаль НАСА «За выдатныя заслугі». Імем О. названы кратэр на Месяцы.