Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НІКІ́ФАР ГРЫГАРА́ (Nikēphoro Grēgoras; паміж 1290 і 1295—1359 ці 1360),

візантыйскі вучоны, гісторык, багаслоў. Прыбліжаны імператара Андроніка II. Склаў праект рэформы календара. Вёў палеміку з філосафам-гуманістам Варлаамам Калабрыйскім, выступаў супраць ісіхазму (містычная філас. плынь) Грыгорыя Паламы. Пасля прызнання ісіхазму афіц. дактрынай візант. царквы (1351) Н.Г. адлучаны ад царквы і зняволены ў манастыры. Яго асн. праца «Рымская гісторыя» апісвае царк.-багаслоўскую барацьбу ў Візантыі ў 1204—1359, змяшчае каштоўныя звесткі сац.-эканам. і паліт. характару, у т. л. пра выступленне зілотаў у г. Фесалонікі.

т. 11, с. 341

НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),

візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.

т. 11, с. 341

НІКІ́ФАР II Фока

(каля 912—11.12.969),

візантыйскі імператар [963—969]. Паходзіў са знатнага малаазійскага роду Фокаў. З 954 галоўнакамандуючы. Пасля смерці Рамана II (963) узведзены на прастол малаазійскай ваен. знаццю. Садзейнічаў росту свецкага буйнога землеўладання. Указам 964 забараніў заснаванне новых манастыроў (абмежаваў права завяшчання на карысць царквы). Правёў ваен. рэформу, гал. сілай арміі зрабіў цяжкую конніцу накшталт рыцарскай. Адваяваў у арабаў в-аў Крыт (961), Кілікію і Кіпр (965), Паўн. Сірыю (969, разам з Антыёхіяй), адстаяў Візантыю ад дамаганняў герм. імператара Атона I. У 966 пачаў вайну супраць Балгарыі, у 968 яму на дапамогу прыйшоў кіеўскі князь Святаслаў. Забіты ў выніку змовы Іаана I Цымісхія.

Літ.:

Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988.

т. 11, с. 341

НІКІ́ФАР III Ватаніят

(каля 1010 — пасля 1081),

візантыйскі імператар [1078—81]. Паходзіў з малаазійскай знаці. З сярэдзіны 11 ст. палкаводзец і намеснік шэрагу ваен.-адм. акруг. Узначаліў мяцеж малаазійскай знаці супраць імператара Міхаіла VII Дукі. У студз. 1078 абвешчаны імператарам, у сакавіку ўступіў у Канстанцінопаль. Беспаспяхова ваяваў з туркамі-сельджукамі, якія заснавалі на б. візант. землях Канійскі султанат (1080). Пры Н. III рэзка абвастрылася саперніцтва паміж малаазійскай і еўрап. ваен. знаццю. Скінуты Аляксеем I Камнінам, пастрыжаны ў манахі.

т. 11, с. 341

НІКІЦЕ́ВІЧ (Васіль Міхайлавіч) (17.8.1925, в. Туроўшчына Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 25.3.1994),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1974), праф. (1974). Скончыў Казахскі ун-т (1946), з 1948 працаваў у ім. З 1979 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па словаўтварэнні і намінатыўнай дэрывацыі, рус. і агульным мовазнаўстве; «Словаўтварэнне і дэрывацыйная граматыка» (ч. 1—2, 1978—82), «Асновы намінатыўнай дэрывацыі» (1985), «Сістэмнасць мовы» (1988), «Тэарэтычныя асновы дэрывацыйнай граматыкі» (ч. 1—2, 1993) і інш.

Тв.:

Грамматические категории в современном русском языке. М., 1963;

Рассказы о языке. Мн., 1982.

т. 11, с. 342

НІКІЦЕ́НКА (Міхаіл Піліпавіч) (2.11.1912, станіца Кабардзінская Апшэронскага р-на Краснадарскага краю, Расія — 9.5.1980),

бел. вучоны ў галіне нейрамарфалогіі і антрапалогіі. Д-р біял. н. (1973). Скончыў Горкаўскі ун-т (1936). З 1960 у Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі, у 1970—79 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Навук. працы па агульнай эвалюцыі, эвалюцыйнай марфалогіі галаўнога мозга, органаў пачуцця жывёл і чалавека, зоаэкалогіі.

Тв.:

Эволюция и мозг. Мн., 1969;

Головной мозг парнокопытных. Мн., 1970 (у сааўт.).

т. 11, с. 342

НІКІЦЕ́НКА (Пётр Георгіевіч) (н. 2.1.1943, в. Жыгалава Віцебскага р-на),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. з 1994). Д-р эканам. н., праф. (1991). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1969). З 1967 на камсам. і парт. рабоце. З 1978 старшыня Маскоўскага райвыканкома г.

Мінск. З 1983 у БДУ. У 1990—95 1-ы нам. старшыні Мінгарвыканкома, адначасова праф., заг. кафедры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 1995 дырэктар Мінскага міжнар. адукац. цэнтра. З 1998 дырэктар Ін-та эканомікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне дзярж. кіравання і буд-ва, навук.-тэхн. інавацыйнага развіцця, павышэння эфектыўнасці накаплення і інтэнсіфікацыі грамадскай вытв-сці. Распрацаваў эканоміка-матэм. макрамадэль устойлівага развіцця наасфернай арыентацыі, якая адлюстроўвае адзінства прыроднай (экалагічнай), матэрыяльнай і нематэрыяльнай (сацыяльнай) сфер грамадскага ўзнаўлення.

Тв.:

Интенсификация производства и фондоемкость продукции. Мн., 1981;

Эффективность накопления: системный императив и метод предпринимательства. Мн., 1992;

Жить своим умом, или Куда идет Беларусь? Мн.. 1995;

Цивилизационный процесс под углом ноосферного зрения: В 2 кн. Кн. 1. Естественно-биологические предпосылки цивилизационного процесса. Мн.;

М., 2000 (разам з І.Л.Андрэевым).

П.Г.Нікіценка.

т. 11, с. 342

НІКІ́ЦІН (Афанасій) (? — 1472),

рускі падарожнік. цвярскі купец. У 1466—72 зрабіў падарожжа з гандл. мэтай у Персію, потым у Індыю, дзе пражыў амаль 3 гады. На зваротным шляху наведаў афр. бераг (Самалі), Маскат у Аравіі. Турцыю, ВКЛ. У дзённіку дакладна і рознабакова апісаў мясціны, дзе пабываў. Яго падарожныя запіскі — літ. помнік, каштоўны дакумент па гісторыі і геаграфіі Індыі 15 ст.

Тв.:

Хождение за три моря Афанасия Никитина, 1466—1472 гг. М., 1960.

Літ.:

Виташевская М.Н. Странствия Афанасия Никитина. М., 1972.

т. 11, с. 342

НІКІ́ЦІН (Кінешамцаў) Гурый

(1630-я г.—1691),

расійскі жывапісец. Жыў пераважна ў г. Кастрама, дзе кіраваў т-вам іканапісцаў. Яго размалёўкам (сумесна з С.Савіным) у Троіцкім саборы ў г. Пераяслаўль-Залескі (1662—68), у царкве Ільі Прарока ў г. Яраслаўль (1680—81), у Троіцкім саборы Іпацьеўскага манастыра ў Кастраме (1685), Праабражэнскім саборы ў г. Суздаль (1689) і інш., а таксама абразам уласцівы багацце фантазіі, цікавасць да навакольнага жыцця, дэкар. маляўнічасць.

Літ.:

Брюсова В.Г. Г.Никитин. М., 1982.

т. 11, с. 342

НІКІ́ЦІН (Іван Мікітавіч) (каля 1690, Масква — 1742),

расійскі жывапісец, партрэтыст, адзін з заснавальнікаў рус. свецкага жывапісу. Вучыўся ў Пецярбургу ў І.Танаўэра. Пасланы Пятром I у Італію, у 1716—19 вучыўся ў Венецыі і Фларэнцыі. Для ранніх партрэтаў характэрны адыход ад прыёмаў парсуны, імкненне дакладна перадаць характэрныя рысы мадэлі (партрэты Праскоўі Іванаўны, 1712; цэсарэўны Ганны Пятроўны, царэўны Наталлі Аляксееўны; абодва да 1716). У 1720-я г. вял. ўвагу аддаваў індывідуальнай характарыстыцы мадэлі, аб’ёмнай перадачы прадметаў, гучнасці каларыту з пераважаннем цёплых залаціста-карычневых тонаў: «Пётр I на смяротнай пасцелі» (1725), партрэты Пятра I, польнага гетмана (1720-я г.), С.Строганава (1726). У 1732 арыштаваны па справе аб пасквілі на Феафана Пракаповіча, у 1737 сасланы ў Табольск.

Літ.:

Лебедева Т.А. И.Никитин. М., 1975.

І.М.Нікіцін. Партрэт польнага гетмана 1720-я г.

т. 11, с. 343