НІКІ́ЦІН (Іван Мікітавіч) (каля 1690, Масква — 1742),
расійскі жывапісец, партрэтыст, адзін з заснавальнікаў рус. свецкага жывапісу. Вучыўся ў Пецярбургу ў І.Танаўэра. Пасланы Пятром I у Італію, у 1716—19 вучыўся ў Венецыі і Фларэнцыі. Для ранніх партрэтаў характэрны адыход ад прыёмаў парсуны, імкненне дакладна перадаць характэрныя рысы мадэлі (партрэты Праскоўі Іванаўны, 1712; цэсарэўны Ганны Пятроўны, царэўны Наталлі Аляксееўны; абодва да 1716). У 1720-я г.вял. ўвагу аддаваў індывідуальнай характарыстыцы мадэлі, аб’ёмнай перадачы прадметаў, гучнасці каларыту з пераважаннем цёплых залаціста-карычневых тонаў: «Пётр I на смяротнай пасцелі» (1725), партрэты Пятра I, польнага гетмана (1720-я г.), С.Строганава (1726). У 1732 арыштаваны па справе аб пасквілі на Феафана Пракаповіча, у 1737 сасланы ў Табольск.