Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫЖ,

сімвалічны і дэкаратыўны знак (звычайна складаецца з 2 перакрыжаваных прамых), адзін з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Вядомы з першабытнай эпохі ў культурах розных народаў свету. Выступае як геаметрызаваны варыянт сусв. дрэва, сімвал каардынат, які дае чалавеку арыенцір у прасторы і часе; звязаны таксама з сімволікай сонца і агню (салярны знак). Найчасцей К. лічыўся сімвалам вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У міфалогіі ён падкрэсліваў ідэю цэнтра і асн. кірункаў, якія ідуць ад цэнтра. На думку многіх даследчыкаў міфалогіі, К. сімвалізаваў духоўныя аспекты: узыходжанне духа, імкненне да Бога і вечнасці. Часта К. выступаў як мадэль чалавека і антрапаморфнага божышча. У спалучэнні з колам лічыўся знакам злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў. К. на шары — вярхоўная ўлада, перамога духоўнага. Адной з разнавіднасцей К. з’яўляецца свастыка, якая вядома ў Еўразіі з верхняга палеаліту і абазначае спрыяльны, шчаслівы аб’ект, салярны сімвал, знак святла і шчодрасці. На тэр. Беларусі, пераважна ў яе паўн. і сярэдняй частках, выявы свастык трапляюцца ў жал. веку і сярэдневякоўі. У хрысціянстве К. лічыцца сакральным сімвалам, бо на ім, паводле Евангелля, быў распяты Ісус Хрыстос. Найб. пашыранымі формамі хрысц. К. з’яўляюцца: чатырохканцовы (яго разнавіднасці грэчаскі К., дзе верт. брус і перакладзіна аднолькавыя, і лацінскі, дзе верт. брус даўжэйшы за гарызантальны), Т-падобны, андрэеўскі (2 брусы, складзеныя як дыяганалі), рускі праваслаўны (з 2 перакладзінамі, верхняя гарыз. даўжэйшая, ніжняя дыяганальная), латарынгскі (з 2 гарызантальнымі перакладзінамі, верхняя карацейшая), васьміканцовы (у форме латарынгскага К., з кароткай перакладзінай унізе, дыяганальнай або гарызантальнай). Два апошнія К. даследчыкі называюць «патрыяршыя К.». Форма К. мае практычнае значэнне для хрысц. канфесій: католікі і пратэстанты карыстаюцца амаль выключна чатырохканцовым К., праваслаўныя — шасціканцовым і васьміканцовым розных варыянтаў, часам чатырохканцовым, стараверы прызнаюць толькі васьміканцовы К.

У геральдыцы існуе больш за 200 разнавіднасцей К., якія выступаюць у якасці гербавых фігур. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. рознай формы былі састаўнымі часткамі гербаў гарадоў Гродна, Крычава, Лепеля, Ліпнішак, Любчы, Оршы, Ружан, Слоніма, Цырына, а таксама шэрагу шляхецкіх гербаў («Бойча», «Бродзіц», «Касцеша», «Лада», «Ліс», «Любіч», «Пілява», «Сыракомля», «Тарнава», «Ястрэмбец» і інш.).

Э.М.Зайкоўскі.

Да арт. Крыж. Крыжы: 1 — грэчаскі; 2 — лацінскі; 3 — патрыяршы, латарынгскі; 4 — папскі; 5 — праваслаўны; 6 — андрэеўскі (св. Андрэя); 7 — антоніеўскі (св. Антонія); 8 — відэльцападобны; 9 — мылічны; 10 — іерусалімскі; 11 — перакрыжаваны; 12 — трохлісты; 13 — кардынальскі; 14 — якарны; 15 — пашыраны; 16 — кавалерскі (рыцарскі); 17 — павысяканы; 18 — мальтанскі (мальтыйскі).

т. 8, с. 501

КРЫЖАВІКІ́ (Araneus),

род павукоў-кругапрадаў. Больш за 1000 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, на лугах, у збудаваннях. На Беларусі 15 відаў. Найб. вядомыя К. звычайны (A.diadematus), К. змрочны (A. umbraticus), К. вуглаваты (A. angulatus), К. вірлавокі (A. ocellatus).

Даўж. самкі К. звычайнага да 25 мм, самца да 11 мм. Назва паходзіць ад белага крыжападобнага малюнка на брушку. Кормяцца насякомымі. Далёкаўсх. К. плятуць вельмі трывалыя лоўчыя сеці да 2 м у дыяметры.

Крыжавікі: 1 — звычайны (самка); 2 — змрочны.

т. 8, с. 502

КРЫЖАДЗЮ́БЫ (Loxia),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 3 віды: К.-яловік (L. curvirostra), К.-сасновік (L. pytyopsittacus) і К. белакрылы (L. leucoptera). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр, Амерыцы, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жывуць у хвойных лясах. На Беларусі трапляюцца ўсе віды.

Даўж. да 20 см, маса да 58 г. Апярэнне самцоў буравата-чырв., самак — зеленаватае. Дзюба вял., жоўтая, яе верхняя і ніжняя ч. перакрыжаваныя (адсюль назва). Кормяцца насеннем з шышак елкі. хвоі і інш., насякомымі. Трымаюцца невял. чародкамі, у час гнездавання — парамі. Гнёзды на дрэвах. Нясуць 2—5 яец 1—2 разы за год.

Да арт. Крыжадзюбы. Крыжадзюб-яловік (1 — самец; 2 — самка).

т. 8, с. 502

КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ, капуставыя (Brassicaceae, ці Cruciferae),

сям. двухдольных раслін парадку каперсакветных. 350 родаў, каля 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі найб. вядомыя К. з родаў бурачок, вяснянка, вячорніца, гарчыца, гуляўнік, жаўтушнік, зубніца, капуста, клапоўнік, крупка, луннік, рэдзька, свірэпа, торбачнік, часночніца, шыльніца, фарбоўнік і інш. Луннік ажываючы, зубніца клубняносная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы, зрэдку паўкусты. Лісце чаргаванае, без прылісткаў, звычайна апушанае простымі ці галінастымі валаскамі (важная сістэм. адзнака). Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, радзей ружовыя. Вяночак з 4 пялёсткаў, размешчаных крыж-накрыж (адсюль назва). Суквецце — гронка або шчыток. Плод — стручок ці стручочак. Сярод К. агародныя расліны (бручка, капуста, рэдзька і інш), алейныя (рапс, свірэпа і інш.), прыпраўныя (гарчыца, хрэн і інш.), меданосныя (буйміна, гарчыца белая і інш), лек. (гуляўнік, зубніца, клапоўнік і інш), фарбавальныя (фарбоўнік), дэкар. (вячорніца, ляўконія і інш.), пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 1. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. М., 1981.

т. 8, с. 502

КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ КЛАПЫ́ (Eurydema),

род насякомых сям. шчытнікаў атр. паўцвердакрылых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. трапляюцца К.к. гарчычны (E. ornata), капусны (E. ventralis) і рапсавы (E. oleracea). Шкоднікі культ. крыжакветных раслін, у асн. капусты.

Даўж. да 10 мм. Афарбоўка яркая, стракатая: белыя, жоўтыя або чырв. плямы і палосы на чорным, сінім ці зялёным фоне; трапляецца сезонная змена афарбоўкі. Ротавыя органы сысучыя. Кормяцца сокамі раслін. 1—4 пакаленні за год.

Крыжакветныя клапы: 1 — капусны; 2 — рапсавы; 3 — гарчычны.

т. 8, с. 502

КРЫЖА́НІЧ ((Križanić) Юрый) (каля 1618, Обрх, Славенія — 12.9.1683),

харвацкі рэліг. дзеяч, публіцыст, адзін з папярэднікаў панславізму. Д-р багаслоўя (1642). Каталіцкі свяшчэннік-місіянер. Прапагандаваў ідэю «славянскага адзінства». У 1647 наведаў Маскоўскую дзяржаву. У час другога прыезду ў Маскву (1659) выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, рэліг. аб’яднанне ўсіх слав. народаў пад вяршэнствам рым. папы, палітычнае — рас. цара, намагаўся стварыць штучную агульнаслав. мову; сасланы рас. ўладамі ў г. Табольск (1661—76). У 1678 прыехаў у Вільню і ўступіў у ордэн дамініканцаў. У складзе войска Рэчы Паспалітай дапамагаў вызваляць ад тур. аблогі Вену, каля якой і загінуў. Аўтар тэалагічных, філас., мовазнаўчых і інш. трактатаў, у г.л. «Палітыка» (1663—66), «Тлумачэнне гістарычных прароцтваў» (1674).

Тв.:

Рус. пер. — Политика. М., 1965.

Літ.:

Пушкарев Л.Н. Юрий Крижанич: Очерк жизни и творчества. М., 1984.

т. 8, с. 503

КРЫЖА́НКА звычайная

(Anas platyrhynchos),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве на балотах, поймавых азёрах, лясных рэчках і інш. Гавайскі падвід (A. p. wyvilliana) — у Чырв. кнізе МСАП. Ад К. паходзяць качкі свойскія. На Беларусі трапляецца ўсюды. Нар. назвы качка, качур, крыжак, крыжная качка, крыжэнь.

Даўж. да 63 см, маса да 2 кг. У самца вясной галава і шыя цёмна-зялёныя, на крылах сіне-фіялетавае «люстэрка», самка бураватая. Летам самец падобны да самкі. Корміцца расліннасцю, малюскамі, чарвякамі, насякомымі. Гняздо на зямлі, зрэдку на галінах дрэў, у дуплах. Нясе 6—16 (пераважна 8—12) яец. Аб’ект спарт. палявання.

Крыжанка: а — самец, б — самка.

т. 8, с. 503

КРЫЖАНО́СЦЫ, крыжакі (ад польск. Krzyżacy),

пашыраная ў бел. гіст. л-ры назва ўдзельнікаў крыжовых паходаў і членаў сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнаў (у т. л. Тэўтонскага, або Нямецкага, і Інфлянцкага), якія звычайна насілі выяву крыжа на верхняй вопратцы.

т. 8, с. 503

КРЫЖАНО́ЎСКІ (Сцяпан Андрэевіч) (н. 8.1.1911, г. Новы Буг Мікалаеўскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, літ.-знавец. Д-р філал. н. (1962), праф. (1963). Скончыў Харкаўскі ін-т прафес. асветы (1933). У 1940—41 і 1949—87 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Энергія» (1930), «Дні, дарогі, сябры» (1934), «Калінавы мост» (1940), «Яшчэ не вечар» (1961), «Формула шчасця» (1970), «Далягляд» (1980), «Летапіс» (1991) і інш. паэтызацыя чалавечых пачуццяў, прыроды. Аўтар літ.-знаўчых прац, прысвечаных класікам нац. л-ры («У жыцці маім да ўсяго маю справу...» і «Урокі Паўло Тычыны»; абодва 1979; Рэсп. прэмія імя А.Білецкага 1980). Быў знаёмы з Я.Купалам, яму прысвяціў паэт. творы, успаміны, літ.-крытычныя артыкулы. На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Валасевіч, М.Калачынскі, П.Місько.

Тв.:

Берізка: Вибр. поезії. Київ, 1971.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 503

«КРЫЖАЧО́К»,

бел. нар. парна-масавы танец. Муз. памер ​2/4.Тэмп жвавы. Назва, верагодна, ад слова «крыж». Зыходзячы з такой інтэрпрэтацыі, сцэн. рэдакцыі «К.» будуюць на крыжападобных малюнках. У нар. побыце Гомельскай вобл., дзе назву выводзяць ад слова «крыжак» (дзікі качар), у харэаграфічным малюнку імітуюць рухі качара. Сцэн. варыянт створаны ў 1920-я г. К.Алексютовічам. «К.» выкарыстаны ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова.

М.Хвораст.

т. 8, с. 503