Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖУПА́Н,

старадаўняе верхняе мужчынскае і жаночае адзенне ў палякаў, беларусаў і інш. слав. народаў. У 16—19 ст. быў абавязковай часткай адзення шляхты, мяшчан, укр. казакоў. Шылі пераважна з белага або шэрага сукна (радзей атласу. аксаміту). Крой двухбортны з вузкімі рукавамі і стаячым каўняром, спінка прыталеная, з бакоў устаўляліся кліны. Пярэднія гладкія полкі зашпільвалі на гузікі і падпяразвалі поясам. Паверх Ж. насілі кунтуш.

Да арт. Жупан. Партрэт К.Весялоўскага ў жупане з кунтушом. Невядомы мастак. 1636.

т. 6, с. 449

ЖУПА́НАЎСКАЯ СО́ПКА,

дзеючы вулкан на ПдУ п-ва Камчатка. Складзены з андэзітавай і базальтавай лаваў. Мае 3 злітныя конусы, якія ўтвараюць хрыбет, выцягнуты на ПнЗ на 25 км. Самы ўсх. вулкан дасягае выш. 2927 м. Слабая фумарольная дзейнасць. На схілах ледавікі. Апошняе вывяржэнне ў 1957.

т. 6, с. 449

ЖУПА́НЧЫЧ ((Żupančić) Отан) (23.1.1878, в. Вініца, Славенія — 11.6.1949),

славенскі паэт; адзін з прадстаўнікоў т. зв. «славенскага мадэрну». Чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1938). Дырэктар Нац. т-ра ў Любляне (1918—49). У першым паэт. зб. «Чаша п’янлівасці» (1899) адчуваецца ўплыў дэкадансу. Зб. «Праз раўніну» (1904) поўны жыццесцвярджальных ідэй і вобразаў. Аўтар зб-каў «Маналогі» (1908), «На досвітку дня Віда» (1920; на грамадска-паліт. тэмы), «Барвінак пад снегам» (1945). Яго творчасці ўласціва сувязь з нар.-паэт. традыцыямі: кн. для дзяцей «Пісанкі» (1900), «Сто загадак» (1915), п’есы «Ноч на свята верных душ» (1904) і інш. Вядомы як публіцыст і перакладчык. Творы Ж. на бел. мову перакладаў Н.Гілевіч (анталогія «Маці мая, Славенія», 1976, і інш.).

Тв.:

Бел. пер. — У вечным дазоры. Мн., 1986;

Рус. пер. — Лирика. М., 1978.

І.А.Чарота.

т. 6, с. 449

ЖУПРА́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.

Ю.А.Якімовіч.

Жупранскі касцёл.

т. 6, с. 449

ЖУПРА́НЫ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ашмянка, на аўтадарозе Вільнюс — Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнУ ад Ашмян, 198 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Ашмяны. 795 ж., 288 двароў (1997).

Вядомыя з пач. 15 ст. як цэнтр воласці, што належаў вял. князю ВКЛ. З 1407 да пач. 16 ст. ўласнасць Манівідавічаў, потым да пач. 19 ст. — Радзівілаў. На карце Т.Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. З 1811 уладанне Чапскіх. У 1880-я г. — 284 ж., 57 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1971—423 ж., 121 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла Ф.Багушэвіча і помнік яму (у вёсцы). Помнік архітэктуры — Жупранскі касцёл (19 ст.).

т. 6, с. 449

ЖУР,

даўняя бел. страва з аўсянай мукі. Рошчыну рабілі з неабтоўчанага аўса або вотруб’я і ставілі квасіць (каб хутчэй укісла, клалі кавалачак хлеба). Калі рошчына ўкісала, яе працэджвалі на сіта і давалі адстаяцца. Рэдкую частку (квасліны, малако) злівалі і варылі Ж., а з густой (цэда) — кісель. Ж. падсольвалі, заскварвалі або запраўлялі алеем і елі звычайна з бульбай. Вядомы па ўсёй Беларусі.

Г.Ф.Вештарт.

т. 6, с. 449

ЖУРАВЕ́ЛЬ,

археалагічная стаянка сожскай культуры позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) каля в. Журавель Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож. Выяўлены больш за 6 тыс. адзінак інвентару, у т. л. 290 прылад працы, агнішча і майстэрня па апрацоўцы крэменю. На ПдЗ ад стаянкі курганны могільнік (1977, 43 насыпы).

Літ.:

Копытин В.Ф. Поздний мезолит Посожья // Изыскания по мезолиту и неолиту СССР. М., 1983.

т. 6, с. 450

ЖУРАВЕ́ЛЬ (лац. Grus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Дзве найб. яркія зоркі 1,7 і 2,1 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі часткова бачны ў жніўні—верасні. Гл. Зорнае неба.

т. 6, с. 450

«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,

бел. нар. танец. Лакальныя назвы «Жораў», «Бусел». Паходзіць са стараж. карагодаў, дзе выканаўцы пераймалі рухі жураўля. Танцоры выстройваліся ланцужком ці парамі і ішлі па крузе, выпісваючы розныя зігзагі, потым станавіліся касяком, рабілі паклоны з узнятымі і злучанымі ўверсе рукамі, што нагадвала рухі жураўля. У асобных варыянтах танца захаваліся элементы гульні і гумару, уласцівыя абраду калядавання: «журавель» танцаваў, імправізаваў, торкаў дзюбай прысутных. Часта «Ж.» выконвалі з прыпеўкамі.

Ю.М.Чурко.

т. 6, с. 450

«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,

бел. танец-гульня. Некалькі дзяўчат танцуюць і спяваюць, інш. ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў). Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам (запіс А.Я.Васільевай, 1879). У запісе П.М.Шпілеўскага (1853) выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары кружацца, ён імкнецца выхапіць якую-н. дзяўчыну з рук кавалера. Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — ён павінен схапіць за руку дзяўчыну і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары. У танцах і гульнях пра жураўля выяўляюцца стараж. вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм).

Ю.М.Чурко.

т. 6, с. 450