Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САНІТА́РНА-АХО́ЎНАЯ ЗО́НА, санітарны разрыў,

участак тэрыторыі паміж прамысл. прадпрыемствам і жыллёвымі масівамі для аховы жылых зон ад уздзеяння шкодных вытв. фактараў (шум, пыл, газападобныя выкіды, вібрацыя і інш.).

На Беларусі шырыня С.-а.з. ўстанаўліваецца з разлікам, каб выкіды прадпрыемства, якія дасягаюць раёнаў жыллёвай забудовы, не перавышалі гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК) забруджвальных рэчываў у атм. паветры населеных тэрыторый і 0,8 ГДК у месцах масавага адпачынку (курортныя зоны, санаторыі, пляжы, паркі і інш.). Зыходзячы са шкоднасці выкідаў, дасканаласці тэхнал. працэсаў, наяўнасці ачышчальных збудаванняў усе прадпрыемствы падзяляюць на класы: з шыр. С.-аз. 1000 м — 1-ы кл., 500 м — 2-і кл., 250 м — 3-і кл., 100 м — 4-ы кл., 50 м — 5-ы кл. Гэтыя памеры адпавядаюць макс. выкідам, меншым за ГДК. Шыр. С.-а.з. можа быць павялічана пры тэхн.-эканам. і гігіенічным абгрунтаванні, але не больш, чым у 3 разы. Для прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюць радыеактыўныя рэчывы і крыніцы іанізавальнага выпрамянення, С.-а.з. ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з сан. правіламі працы з гэтымі рэчывамі. С.-а.з. азеляняюць газаўстойлівымі раслінамі.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 149

САНІТА́РНА-ЭПІДЭМІЯЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

спецыялізаваная сістэма дзярж. устаноў аховы здароўя. Ажыццяўляе санітарны нагляд, распрацоўку і правядзенне санітарна-прафілакт. і проціэпідэмічных мерапрыемстваў з мэтай забеспячэння аховы здароўя насельніцтва. На Беларусі дзейнасць С.-э.с. рэгламентуецца Законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000). Асн. кірункі дзейнасці: гігіенічная ацэнка новых тэхналогій і інш. у нар. гаспадарцы, нарміраванне гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў і метадаў кантролю за імі, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку насельніцтва. Задачы службы: прадухіленне і ліквідацыя забруджвання навакольнага асяроддзя, зніжэнне і ліквідацыя інфекц. і паразітарных хвароб і інш. У сістэму ўстаноў С.-э.с. ўваходзяць: аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, рэсп., абл., гар., раённыя цэнтры «Здароўе», рэсп. і абл. цэнтры па прафілактыцы СНІДу, цэнтры дэзінфекцыі і стэрылізацыі і інш.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 149

САНІТА́РНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль для перавозкі і эвакуацыі хворых, пацярпелых пры аварыях і катастрофах, для лячэбна-прафілактычнага і лячэбна-эвакуацыйнага абслугоўвання насельніцтва і войск у мірны і ваенны час.

Асн. патрабаванні: зручнасць пагрузкі і выгрузкі хворых і пацярпелых, магчымасць іх транспарціроўкі ў становішчы лежачы і седзячы, мінім. трасенне і гайданне кузава, высокая плаўнасць ходу, адсутнасць вібрацыі, манеўранасць. высокая праходнасць. Есць таксама С.а., абсталяваныя перавязачным сталом, кіслародна-дыхальнай і наркознай апаратурай, прыладамі для пералівання крыві, электракардыёграфамі і інш. Для эвакуацыі вял. колькасці хворых і параненых прыстасоўваюць пасаж. аўтобусы. Як санітарны транспарт выкарыстоўваюць таксама спец. паязды, самалёты, верталёты, рачныя і марскія судны, аэрасані.

т. 14, с. 150

САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма пастаяннага назірання за выкананнем прадпрыемствамі, установамі, асобамі сан. норм і правіл; асн. функцыя санітарна-эпідэміялагічнай службы, накіраваная на прафілактыку захворванняў. Адрозніваюць С.н. папераджальны і бягучы. Папераджальны ўключае папярэднюю гігіенічную ацэнку норм праектавання, стандартаў, тэхн. умоў, новых рэчываў і вырабаў, планіроўкі і забудовы нас. пунктаў і інш.; бягучы С.н. — рэгулярны планавы кантроль за аб’ектамі камунальнай гаспадаркі, прамысл. прадпрыемствамі, аб’ектамі харчавання, дзіцячымі дашкольнымі, школьнымі і інш. ўстановамі, крыніцамі радыеактыўных рэчываў і інш. Гал. яго мэта — распрацоўка прапаноў і мерапрыемстваў па ліквідацыі або прадухіленні забруджвання глебы, вадаёмаў, атм. паветра, аздараўленні ўмоў працы, быту і адпачынку насельніцтва. Праводзяць С.н. сан.-гігіенічныя і бактэрыял. лабараторыі.

Літ.:

Социальная гигиена (медицина) и организация здравоохранения. Казань, 2000.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 150

САНІТА́РНЫ РАЗРЫ́Ў,

тое, што санітарна-ахоўная зона.

т. 14, с. 150

САНІТАРЫІ І ГІГІЕ́НЫ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1927 у Мінску як Бел. санітарна-гігіенічны ін-т. З 1933 Ін-т сацыялістычнай аховы здароўя і гігіены, з 1963 Бел. н.-д. санітарна-гігіенічны ін-т, з 2000 сучасная назва. Аспірантура з 1999. Асн. кірункі навук. дзейнасці: распрацоўка мерапрыемстваў і гігіенічных рэгламентаў па прафілактыцы захворванняў і захавання здароўя насельніцтва на аснове вывучэння асаблівасцей і механізмаў уплыву хім., фіз. і біял. фактараў асяроддзя пражывання чалавека; абгрунтаванне мер па гігіен. рэгламентацыі шкодных вытв. фактараў, аптымізацыі ўмоў і характару працы, прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні вытворча абумоўленых і прафес. захворванняў; вывучэнне этыялогіі і патагенезу захворванняў, абумоўленых уздзеяннем навакольнага асяроддзя; вывучэнне фактычнага і статусу харчавання насельніцтва, распрацоўка гігіенічных рэкамендацый і нарматыўных дакументаў па аптымізацыі харчавання; таксіколага-гігіенічныя даследаванні прадуктаў харчавання, харч. дабавак і матэрыялаў, якія кантактуюць з харч. прадуктамі; медыка-біял. абгрунтаванне шляхоў павышэння харч. і біял. каштоўнасці прадуктаў харчавання; вывучэнне адаптацыйных і псіхафізіял. магчымасцей арганізма дзяцей і падлеткаў для распрацоўкі гігіенічных мерапрыемстваў і нарматыўных палажэнняў удасканалення ўмоў іх навучання і выхавання і інш. У 2000 г. на базе ін-та створаны Нац. цэнтр міжнар. форуму па хім. бяспецы.

т. 14, с. 150

САНІТАРЫ́Я (ад лац. sanitas здароўе),

практычныя мерапрыемствы, накіраваныя на аздараўленне жыцця, працы і адпачынку насельніцтва. Тэарэт. асновы С. і сан. нарматывы распрацоўвае гігіена. Падзяляецца на жыллёва-камунальную (сан. добраўпарадкаванне нас. месцаў, жылых і грамадскіх будынкаў) і вытв. (прадухіленне або памяншэнне ўздзеяння на працуючых шкодных вытв. фактараў). Правядзенне сан. мерапрыемстваў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000). Кантроль за правядзеннем сан. і проціэпідэмічных мерапрыемстваў ажыццяўляе санітарна-эпідэміялагічная служба.

М.​В.​Шчавелева.

т. 14, с. 150

САНКО́ЎСКАЯ (Кацярына Аляксандраўна) (23.11.1816, Масква —28.8.1878),

руская артыстка балета. Першая танцоўшчыца маскоўскай сцэны, якая засвоіла прарамант. і лірыка-рамант. стылі зах.-еўрап. балета і надала ім нац. афарбоўку. Скончыла Маскоўскае тэатр. вучылішча (1836, кл. Ф.​Гюлень-Сор), вучылася драм. мастацтву ў М.​Шчэпкіна. З 1826 у балетных і драм. спектаклях у Малым т-ры ў Маскве. З 1835 у трупе Вял. т-ра (у 1836 стажыравалася ў Парыжы). У 1846 гастраліравала за мяжой. З 1854 выкладала бальныя танцы ў гімназіі, давала прыватныя ўрокі, у т. л. ў сям’і К.​Станіслаўскага. Творчасці С. уласцівы рамант. накіраванасць, маст. дасканаласць формы, незвычайная лёгкасць і натуральная грацыёзнасць выканання. Сярод лепшых партый: Сільфіда («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера), Флёр дэ Шан, Жызэль («Дзева Дуная», «Жызэль» А.​Адана), Катарына, Эсмеральда («Катарына, дачка рабаўніка», «Эсмеральда» Ц.​Пуні) і інш. Паставіла балеты «Наравістая жонка» («Сумбуршчыца») Адана (1846), «Мара мастака» Пуні (1849).

С.​В.​Гуткоўская.

т. 14, с. 151

САНКО́ЎСКІ Ф., бел. архітэктар 2-й пал. 18 — пач. 19 ст.; прадстаўнік класіцызму. У пач. 19 ст. віцебскі губернскі архітэктар. Аўтар праектаў адм. будынкаў у Віцебску, Козьмадзям’янаўскай царквы ў в. Гарадок Віцебскай вобл. (1808), выканаў праект і кіраваў перабудовай дома Кудзіновічаў пад Віцебскі палац губернатара.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 14, с. 151

Санкоўскі Іосіф Іусцінавіч

т. 18, кн. 1, с. 447