САНІТАРЫ́Я (ад лац. sanitas здароўе),

практычныя мерапрыемствы, накіраваныя на аздараўленне жыцця, працы і адпачынку насельніцтва. Тэарэт. асновы С. і сан. нарматывы распрацоўвае гігіена. Падзяляецца на жыллёва-камунальную (сан. добраўпарадкаванне нас. месцаў, жылых і грамадскіх будынкаў) і вытв. (прадухіленне або памяншэнне ўздзеяння на працуючых шкодных вытв. фактараў). Правядзенне сан. мерапрыемстваў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000). Кантроль за правядзеннем сан. і проціэпідэмічных мерапрыемстваў ажыццяўляе санітарна-эпідэміялагічная служба.

М.​В.​Шчавелева.

т. 14, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)