Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́НДЭРЛЕНД (Sunderland),

горад у Вялікабрытаніі, на ПнУ Англіі, у канурбацыі Тайнсайд. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Паўночным м. ў вусці р. Уір (увоз драўніны, вываз вугалю). Прам-сць: суднабуд., вытв-сць суднавых рухавікоў; эл.-тэхн., шкляная, швейная, папяровая. Паблізу здабыча каменнага вугалю.

т. 14, с. 148

САНЕ́ЕЎ (Віктар Данілавіч) (н. 3.10.1945, г. Сухумі, Грузія),

грузінскі і расійскі спартсмен (лёгкая атлетыка, трайны скачок). Засл. майстар спорту СССР (1968). Скончыў Груз. ін-т субтрапічнай гаспадаркі. Аграном. Чэмпіён XIX, XX і XXI Алімп. гульняў (1968, Мехіка; 1972, г. Мюнхен, Германія; 1976, г. Манрэаль, Канада), сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква). Чэмпіён Еўропы 1969, 1974; у закрытых памяшканнях — 1970, 1971, 1975, 1976, 1977. Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў Еўропы 1971, 1978. Чэмпіён СССР 1968, 1969, 1970, 1971, 1973, 1975, 1987. Рэкардсмен свету 1968, 1971, 1972, 1973, 1974, 1975.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 148

САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

САНІДЗІ́Н [ад грэч. sanis (sanidos) таблічка, дошка],

пародаўтваральны мінерал з групы палявых шпатаў, каліева-натрыевы алюмасілікат (K, Na)AlSi3O8. Мае прымесі кальцыю і барыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі таблітчастыя да пласціністых, характэрны двайнікі прарастання (асабліва карлсбадскія). Бясколерны, вадзяна-празрысты. Цв. 6. Шчыльн. 2,6 г/см³.

Крохкі. Магматычнага паходжання. Выкарыстоўваецца ў керамічнай прам-сці, высакаякасная сыравіна для электракерамікі, вытв-сці гліназёму, калійных угнаенняў, паташу. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Германіі, Італіі і інш.

Санідзін.

т. 14, с. 149

САНІ́ТА,

балота нізіннага і мяшанага тыпаў у Ганцавіцкім, Івацэвіцкім і часткова Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Бобрык. Пл. 12,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 1,5 тыс. га. Глыб. торфу да 3,7 м, сярэдняя 1,1 м. Запасы торфу 2,9 млн. т. Асушана 4,5 тыс. га. Асушаныя землі выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць зараснікі вярбы, вольхі, бярозы; на асобных участках асокі, разнатраўе.

т. 14, с. 149

САНІТА́РНАЯ АСВЕ́ТА,

пашырэнне гігіенічных і мед. ведаў сярод насельніцтва пра фарміраванне свядомага і здаровага ладу жыцця; частка дзярж. сістэмы аховы здароўя. Грунтуецца на мед. дысцыплінах: педагогіцы, псіхалогіі, сацыялогіі і інш. Асн. ролю ў арганізацыі С.а. адыгрываюць установы санітарна-эпідэміялагічнай службы. С.а. ўключае: дзярж. фінансаванне, падрыхтоўку кадраў, развіццё матэрыяльна-тэхн. базы, навуковасць, масавасць і г.д. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. набыла актуальнасць барацьба з курэннем, злоўжываннем алкаголю, гіпадынаміяй, нерацыянальным харчаваннем і г.д. Барацьба са СНІДам патрабуе растлумачальнай работы сярод насельніцтва пра фактары рызыкі перадачы віруса імунадэфіцыту чалавека і інш.

М.​В.​Шчавелева.

т. 14, с. 150

САНІТА́РНАЯ АХО́ВА,

сістэма заканадаўчых, арганізацыйных і санітарна-тэхн. мерапрыемстваў па прадухіленні забруджвання навакольнага асяроддзя і абмежаванні ўздзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя на здароўе насельніцтва. На Беларусі праблемамі С.а. займаюцца Мін-ва аховы здароўя, санітарна-эпідэміялагічная служба і яе падраздзяленні, Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш. Вядзецца сацыяльна-гігіенічны маніторынг, у т. л. назіранні за выкідамі шкодных прамысл. рэчываў. Даюцца рэкамендацыі па рацыянальным размяшчэнні прадпрыемстваў, укараненні неабходных тэхналогій, дапушчальнай колькасці ў навакольным асяроддзі прамысл. выкідаў і інш. Пытанні С.а. рэгламентуюць: Кодэкс Беларусі аб зямлі (1990), законы «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000) і інш.

М.​В.​Шчавелева.

т. 14, с. 150

САНІТА́РНАЯ АХО́ВА ГРАНІ́Ц, санітарная ахова тэрыторыі,

комплекс рэгламентаваных адм. і сан.-проціэпідэміял. мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне завозу (заносу) у краіну каранцінных хвароб жывёл і чалавека. Ажыццяўляецца ў міжнар. аэрапортах і марскіх (рачных) партах, на пагранічных чыг. станцыях і аўтадарожных магістралях.

Уключае забарону на ўезд людзей, атрыманне пасылак з краін, небяспечных у эпідэміялагічных адносінах па чуме, халеры; закрыццё дзярж. граніцы ў выпадку з’яўлення чумы або халеры ў суседніх краінах, сан. агляд транспарту, мед. агляд пасажыраў і інш. Ажыццяўляецца санітарна-эпідэміялагічнай службай. Адносна каранцінных хвароб С.а.г. праводзіцца паводле міжнар. сан. правіл, шэрагу міжнар. пагадненняў. Гл. таксама Каранцін.

т. 14, с. 150

САНІТА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА, сантэхніка,

галіна тэхнікі, якая займаецца добраўпарадкаваннем побыту, умоў прац. дзейнасці і адпачынку насельніцтва, адпаведных патрабаванням санітарыі. У больш вузкім сэнсе — сукупнасць тэхн. сродкаў, якія забяспечваюць функцыянаванне сістэм водазабеспячэння, каналізацыі, ацяплення, цеплазабеспячэння, газазабеспячэння, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра, ачысткі сцёкавых водаў у жылых, грамадскіх, прамысл. будынках, збудаваннях, на тэр. нас. пунктаў і прадпрыемстваў.

У С.т. шырока выкарыстоўваюцца разнастайныя санітарныя прылады: гігіенічныя (умывальнікі, ванны, унітазы і інш.), гаспадарчыя (кухонныя ракавіны, мыйкі), прылады лазняў, дзіцячых і мед. устаноў, вытв. памяшканняў, трансп. сродкаў, лабараторый і інш. Робяцца керамічныя (з фаянсу, паўфарфору), пластмасавыя, стальныя, эмаліраваныя і інш.; аснашчаюцца водазаборнай і змешвальнай сантэхнічнай арматурай, кранамі і вадзянымі засаўкамі. Далучаюцца да ўнутр. (дамавых) сетак водаправода і каналізацыі.

Прыстасаванні санітарнай тэхнікі: а — водазаборны кран (1 — клапан, 2 — галоўка, 3 — затычка сальніка, 4 — шток, 5 — зліў); б — вентыльная галоўка (1 — шток, 2 — сальнікавая ўтулка, 3 — сальнікавая набіўка, 4 — корпус галоўкі, 5 — клапан з пракладкай); в — разнавіднасці клапанаў з пракладкамі (1 — пракладка, 2 — клапан).

т. 14, с. 150