САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)