Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).

Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл. Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;

Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.

Б.Б.Бойка.

т. 8, с. 529

КРЫШТАЛЯФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі, у якім вывучаюцца фіз. ўласцівасці крышталёў у сувязі з іх атамным (хімічным) саставам і будовай крышталічнай рашоткі. Для крышталёў характэрна анізатрапія, іх анізатропныя ўласцівасці характарызуюцца сукупнасцю некалькіх незалежных велічынь і апісваюцца тэнзарамі.

Кожны крышталь у адносінах да адных уласцівасцей можа. быць анізатропным, да другіх — ізатропным. Наяўнасць залежнасці якой-н. уласцівасці ад напрамку ў крышталі і колькасць незалежных велічынь, якімі гэтая ўласцівасць апісваецца, вызначаюцца прыродай самой уласцівасці і сіметрыяй крышталя. Некаторыя фіз. ўласцівасці крышталёў не могуць залежаць ад напрамку, напр., цеплаёмістасць, шчыльнасць. Гл. таксама Крышталяграфія, Крышталяоптыка.

Літ.:

Най Дж. Физические свойства кристаллов и их описание при помощи тензоров и матриц: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;

Сиротин Ю.И. Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 им, М., 1979;

Современная кристаллография. Т. 4. М., 1981.

Б.Б.Бойка.

т. 8, с. 529

КРЫШТАЛЯХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, у якім вывучаюцца прасторавае размяшчэнне і характар узаемадзеяння паміж атамамі, іонамі, малекуламі, з якіх складаюцца крышталі, а таксама сувязь паміж структурай крышталёў і іх уласцівасцямі.

Асн. характарыстыкай структуры крышталёў з’яўляецца элементарная ячэйка, якая адлюстроўвае характар сіметрыі крышталёў, узаемнае размяшчэнне, каардынацыйны лік і адлегласці паміж атамамі (іонамі, малекуламі) у крышталях. Элементарныя ячэйкі маюць форму шматграннікаў, а сукупнасць такіх шматграннікаў з агульнымі гранямі складае прасторавую крышталічную рашотку. К. вызначае фактары, якімі абумоўлены характар сіметрыі і структура элементарнай ячэйкі; устанаўлівае тып крышталёў — іх прыналежнасць да кавалентных (атамы ў рашотцы злучаны кавалентнай сувяззю), іонных крышталёў, метал. (атамы злучаны металічнай сувяззю) ці малекулярных крышталёў, а таксама вывучае ўплыў структуры і характару хім. сувязі на ўласцівасці крышт. рэчываў. Устанаўленне колькаснай залежнасці паміж крышт. структурай і ўласцівасцямі рэчываў неабходна для стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. К. вылучылася з крышталяграфіі і як самастойная навука сфарміравалася пасля адкрыцця дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў (1912) і даследаванняў У.Г.Брэгам і У.Л.Брэгам крышт. структуры шэрагу хім. індывідуальных цвёрдых рэчываў (1913—15) з дапамогай рэнтгенаструктурнага аналізу. Гл. таксама Хімія цвёрдага цела.

Літ.:

Бокий Г.Б. Кристаллохимия. 3 изд. М., 1971;

Урусов В.С. Теоретическая кристаллохимия. М., 1987;

Уэллс А.Ф. Структурная неорганическая химия: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1987—88.

В.В.Свірыдаў.

т. 8, с. 529

КРЫШТАПО́ВІЧ (Леў Яўстафавіч) (н. 25.7.1949, в. Пекалін Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1998). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у Гомельскім ун-це, з 1980 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. У 1996—97 вядучы спецыяліст Сакратарыята Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Ін-це сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах філасофіі сацыялізму, сусв. культ.-цывілізацыйнага працэсу, сац.-эканам., паліт. і нац.-дзярж. развіцця Беларусі ў сучасных умовах.

Тв.:

Философия социализма. Мн., 1996;

Брестская церковная уния (прошлое и настоящее). Мн., 1996 (разам з І.В.Катляровым);

Беларусь: твой путь? Мн., 1997 (разам з В.А.Храмавым);

Белоруссия и русская цивилизация. Мн., 1999.

т. 8, с. 530

КРЫШТАФО́ВІЧ (Мірон Емяльянавіч) (30.8.1899, в. Піняны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 10.5.1985),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, адзін з арганізатараў партыз. руху і антыфаш. падполля ў Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ун-т нац. меншасцей Захаду (1935). З 1923 сакратар Хараўскога падп. падрайкома КПЗБ. У 1925—29 за рэв. дзейнасць зняволены. З 1929 на падп. рабоце. У 1935—38 сакратар Гродзенскага, Навагрудскага, Беластоцкага, Слонімскага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. З вер. 1939 у Пружанскім райспажыўсаюзе, старшыня Красненскага с/с. У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 сакратар Пружанскага антыфаш. к-та, з мая 1942 заг. аддзела Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі», з ліп. 1943 нам. сакратара Брэсцкага абл. антыфаш. к-та, адначасова з ліст. 1943 камісар партыз. брыгады імя П.К.Панамарэнкі. З ліп. 1944 старшыня Пружанскага райвыканкома, у 1947—61 нам., старшыня, 1-ы нам. старшыні Брэсцкага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1952—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—55, 1959—63, нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1951—55. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—58.

т. 8, с. 530

КРЫЯ... (ад грэч. kryos холад, мароз, лёд), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з лёдам, нізкімі т-рамі, напр., крыяскапія, крыястат.

т. 8, с. 530

КРЫЯБІЁНТЫ [ад крыя... + біёнт(ы)],

пастаянныя жыхары вельмі халодных месцаў (на або ў снезе ці лёдзе, у талых водах і інш.). Да іх адносяцца некаторыя аднаклетачныя водарасці, напр., хіянафілы (раслінны жгуціканосец, які можа афарбоўваць снег або лёд у чырв. колер, снегавая хламідаманада), падснежнікі, некаторыя чэрві, насякомыя (снежныя блохі Colembola і інш.), антарктычная рыба трэматомус, аўцабык і інш.

т. 8, с. 530

КРЫЯБІЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + біялогія),

раздзел біялогіі, які вывучае дзеянне нізкіх і звышнізкіх т-р (ад 0 °C амаль да абс. нуля) на біял. аб’екты і працэсы. Навук. асновы закладзены ў канцы 19 ст. П.І.Бахмецьевым. Устанаўлівае ніжнія тэмпературныя межы жыцця, даследуе пашкоджвальнае дзеянне адмоўных т-р і распрацоўвае спосабы абароны клетак і тканак ад замярзання, высвятляе механізмы адаптацыі арганізмаў да холаду. Гл. таксама Крыятэрапія.

т. 8, с. 530

КРЫЯГЕНЕ́З (ад крыя... + ...генез),

крыягенныя працэсы, сукупнасць фіз., хім., біяхім. і інш. працэсаў, якія адбываюцца ў межах крыясферы і суправаджаюцца ўтварэннем лёду.

т. 8, с. 530

КРЫЯГЕ́ННАЯ МОРФАСКУЛЬПТУ́РА,

гл. Мярзлотны рэльеф.

т. 8, с. 530