Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў фота- і кінатэхніцы,

матэрыялы для здымкі і друкавання відарысаў аптычных. Маюць адчувальныя да святла слаі, нанесеныя на празрыстую ці непразрыстую падложку. У якасці святлоадчувальных рэчываў (гл. Святлоадчувальнасць) выкарыстоўваюцца галоідныя солі серабра (браміды, хларыды, ёдыды).

Падзяляюцца на чорна-белыя і каляровыя (гл. Колерафатаграфічныя матэрыялы), негатыўныя (для фота- і кіназдымкі), пазітыўныя (для атрымання пазітыўных відарысаў з негатываў) і абарачальныя (у выніку спец. апрацоўкі даюць пазітыўны відарыс — слайд). У залежнасці ад віду падложкі, на якую нанесена фатаграфічная эмульсія, адрозніваюць фотапласцінкі (падложка — шкло), плёнкі і паперу фатаграфічную. Гл. таксама Фатаграфічныя матэрыялы.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОДАЛЬНАМЕ́Р,

прылада для вымярэння адлегласці з дапамогай светлавых сігналаў, прамадуляваных па фазе, частаце ці працягласці. Мае крыніцу святла (звычайна лазер), мадулятар святла, перадавальную і прыёмную сістэмы. Найб. пашыраны імпульсныя і фазавыя С.

Імпульсныя С. выпрамяняюць кароткія імпульсы; адлегласць вызначаецца па часе праходжання светлавога сігналу да аб’екта і назад. Выкарыстоўваюцца ў касм. далёкаметрыі і навігацыі. У фазавых С., якія працуюць на лазерах бесперапыннага дзеяння, адлегласці вызначаюцца па рознасці фаз выпрамененага і прынятага (адбітага) светлавых сігналаў. Выкарыстоўваюцца пераважна ў геадэзіі і спорце.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОКАПІ́РАВАННЕ,

спосаб хуткага капіравання графічных і тэкставых арыгіналаў (чарцяжоў, карт, праектнай дакументацыі і інш.) на святлоадчувальнай паперы. Пры С. святло праходзіць праз празрыстыя месцы арыгінала (напр., калькі), уздзейнічае на святлоадчувальны слой паперы і афарбоўвае яго ў той ці іншы колер. У залежнасці ад спосабу С. атрымліваюць копіі прамыя і люстраныя, пазітыўныя і негатыўныя, чорна-белыя і каляровыя. Пры выкарыстанні дыазапаперы (у яе склад уваходзяць дыазазлучэнні, што разбураюцца пад дзеяннем святла) спосаб наз. дыязакапіраваннем. З 1970-х г. выцеснены электрафатаграфіяй, у прыватнасці ксераграфіяй.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОКУЛЬТУ́РА раслін,

вырошчванне раслін пры штучным асвятленні. Выкарыстоўваецца ў цяплічных гаспадарках для атрымання ранняй расады, зімовага вырошчвання агародніны, у аранжарэях для зімовай выганкі дэкар. раслін, у фітатронах з навук. мэтамі. У якасці крыніцы святла выкарыстоўваюць лямпы дастатковай магутнасці, выпраменьванне якіх сканцэнтравана ў фізіял. ч. спектра (даўж. хвалі 400—710 мкм), пры невял. колькасці інфрачырв. і адсутнасці шкодных для раслін кароткахвалевых ультрафіялетавых прамянёў. Найб. эфектыўныя аранжава-чырв. прамяні (выклікаюць інтэнсіўны фотасінтэз), таму крыніцы святла, багатыя імі, выкарыстоўваюцца для паскарэння цвіцення, атрымання ранняга ўраджаю насення і пладоў. Сіне-фіялетавыя прамяні затрымліваюць развіццё раслін, іх выкарыстоўваюць пры неабходнасці затрымаць цвіценне або атрымаць ураджай лісця (напр., у салаты) ці караняплодаў (напр., у радысу радыску*).

т. 14, с. 278

СВЯТЛОЛЯЧЭ́ННЕ, фотатэрапія,

дазіраванае ўздзеянне на арганізм чалавека інфрачырв. або ультрафіялетавым выпрамяненнем; метад фізіятэрапіі. Штучныя крыніцы святла: лямпы інфрачырв. выпрамянення, солюкс, мясц. электрасветлавыя ванны, ртутна-кварцавыя апрамяняльнікі і інш. С. паляпшае крыва- і лімфацёк, паскарае рассысанне запаленчых працэсаў, абязбольвае, сушыць (пры апёках, экзэмах), мае бактэрыцыднае дзеянне, павышае супраціўляльнасць арганізма да прастудных хвароб; ужываецца для прафілактыкі рахіту, як агульнаўмацавальны сродак.

т. 14, с. 279

СВЯТЛОСТАБІЛІЗА́ТАРЫ,

тое, што фотастабілізатары.

т. 14, с. 279

СВЯТЛО́Ў (Міхаіл Аркадзевіч) (17.6.1903, г. Днепрапятроўск, Украіна — 28.9.1964),

рускі паэт і драматург. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1927—28). Друкаваўся з 1917. Першая кн. вершаў — «Рэйкі» (1923). Вершы 1920—30-х г. адзначаны рамант. успрыняццем падзей грамадз. вайны. Ў Вял. Айч. вайну ваен. карэспандэнт, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі. Пасляваен. паэт. творам (у т. л. зб. «Вершы апошніх гадоў», 1966, Ленінская прэмія 1967) уласцівы ўзнёсла-рамант. і філас. інтанацыі. Аўтар п’ес, некат. з іх паст. на Беларусі. Неаднойчы бываў на Беларусі, быў знаёмы з Я.​Купалам, сябраваў з П.​Броўкам, П.​Глебкам, П.​Панчанкам. На рус. мову перакладаў вершы Я.​Купалы, Панчанкі. Яго вершы на бел. мову перакладалі А.​Звонак, М.​Калачынскі, Ў.​Паўлаў, Я.​Семяжон, М.​Танк і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1974—75;

Бел. пер. — у кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953;

[Вершы] // Полымя. 1967. № 7.

Літ.:

Светов Ф.Г. Михаил Светлов: Очерк творчества. М., 1967;

Паперный З.С. Человек, похожий на самого себя. М., 1967;

«Ты помнишь, товарищ...»: Воспоминания о Михаиле Светлове. М., 1973;

Стральцоў М.Л. I жыццём і песняй// Стральцоў М.Л. У полі зроку. Мн., 1976.

М.​В.​Няхай.

т. 14, с. 279

СВЯТО́ГА ІЛЬІ́ ГО́РЫ (Saint Elias Mountains),

горны вузел у сістэме Кардыльер у Паўн. Амерыцы, на мяжы Аляскі (ЗША) і Канады. Даўж. 350 км. Найб. высокія вяршыні — г. Логан (6050 м) і Св. Ільі (5488 м). Складзены пераважна з гранітаў і асадкавых парод. Вышэй за 500 м — снежнікі, фірнавыя палі, буйныя ледавікі. На ніжніх схілах — хвойныя лясы.

т. 14, с. 279

СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ ВО́СТРАЎ (Saint Lawrence Island),

на Пн Берынгава м., на ПдУ ад Чукоцкага п-ва. Тэр. ЗША (штат Аляска). Пл. каля 5 тыс. км². Паверхня нізінная, з ізаляванымі вулканічнымі ўзвышшамі. Выш. да 673 м (г. Кукулігіт). Тундра. Марскі (зверабойны) промысел. Нас. пункты — Гамбел, Савунга. Адкрыты дацкім і рус. мараплаўцам В.І.Берынгам у 1728.

т. 14, с. 279

СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Saint Lawrence),

паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак. каля ўсх. берагоў Канады. Адмежаваны ад акіяна а-вамі Ньюфаўндленд і Кейп-Брэтан. Пл. 249 тыс. км². Глыб. да 538 м. Упадае р. Св. Лаўрэнція. Клімат мусонны. Сярэдняя т-ра вады зімой ніжэй за -1 °C, летам да 15 °C. Салёнасць на ПнУ да 32 ‰, на З 12—15‰. Прылівы паўсутачныя (да 2 м). Са снеж. па май укрыты лёдам. Трапляюцца айсбергі. Суднаходства. Рыбалоўства. Парты: Сет-Іль, Квебек.

т. 14, с. 279