верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.
тэлурычныя токі, электрычныя токі, якія цякуць у зямной кары. Іх існаванне звязана з варыяцыямі магнітнага поля Зямлі, з эл. полем атмасферы, электрахім. і тэрмаэлектрычнымі працэсамі ў горных пародах. З.т. індукцыйнага паходжання маюць рэгіянальны і глабальны характар, іншыя больш лакальныя. Напружанасць эл. поля З.т. дасягае найб. велічынь на выхадах крышт. фундамента зямной кары, у вобласці авала палярных ззянняў, а таксама ў момант магнітных бур. З.т. выкарыстоўваюць пры вымярэнні скорасці марскіх цячэнняў, кароткаперыядычных ваганняў геамагнітнага поля, пры разведцы карысных выкапняў і глыбінным даследаванні верхняй мантыі.
1) з’ява, якая характарызуе ўласцівасць нашай планеты ствараць магнітнае поле Зямлі. У гэтым працэсе дзейнічаюць пастаянныя ўнутрызямныя крыніцы магнетызму, абумоўленыя ўнутр. будовай Зямлі і дзеяннем віхравых токаў у зямным ядры, і пераменныя — у магнітасферы Зямлі і іанасферы.
2) Раздзел геафізікі, які вывучае размеркаванне ў прасторы і змены ў часе магнітнага поля Зямлі і звязаныя з ім геафіз. працэсы. Гл. таксама Магнітаметрычныя метады разведкі.
рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёўда (бас.р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 61 км2. Пачынаецца каля в. Міратычы, на ўсх. схілах Навагрудскага ўзв. На працягу 6,2 км ад вусця каналізаваная.
зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
ЗЯНКЕ́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (16.6.1889, г. Ленінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1970),
савецкі акіянолаг, гідрабіёлаг. Акад.АНСССР (1968; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (юрыд.ф-т, 1912; фіз.-матэм.ф-т, 1916). З 1930 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і адначасова ў 1936—47 заг. кафедры ў БДУ. Узначальваў комплексныя марскія экспедыцыі на суднах «Персей», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». Пад яго кіраўніцтвам закладзены асновы комплексных экспедыцыйных даследаванняў вадаёмаў Беларусі (1936—47), па яго ініцыятыве створана Нарачанская біял. станцыя (1946). Асн. працы па марфалогіі і параўнальнай анатоміі беспазваночных, зоагеаграфіі, вывучэнні марской і акіянічнай фауны, біял. структуры акіяна і марской біяцэналогіі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія 1951.
ЗЯНКЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.5.1891, с. Нікалаеўскі Гарадок Саратаўскай вобл., Расія — 16.9.1973),
рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў «Дзікая парфіра» (1912) у духу акмеізму. Аўтар паэмы «Машынная гарачая пара» (1931), зб-каў «Набор вышыні» (1937), «Праз навальніцы гадоў» (1962) і інш. Перакладаў творы Ф.Фрэйліграта, В.Гюго, У.Уітмена, У.Шэкспіра, сучасных паэтаў ЗША, Англіі, Іспаніі, Францыі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстраліі і інш. (зб. «Паэты XX ст.», 1965; «Амерыканскія паэты», 1969).
Тв.:
Избранное. М., 1973;
Сказочная эра: Стихотворения, повесть, беллетрист. мемуары. М., 1994.
ЗЯНКО́ВІЧ (Фелікс Паўлавіч) (2.11.1842, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. — 7.4.1910),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў Пружанах, Беластоку і ў Пецярбургскім ун-це, удзельнічаў у студэнцкім руху. З жн. 1862 за мяжой, зблізіўся з польскай дэмакр. эміграцый, з А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым. Удзельнік марской экспедыцыі паўстанцаў з Англіі ў Літву. З ліп. 1863 у Вільні, памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, сакратар Выканаўчага аддзела Літвы. 7.8.1863 арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу, замененага 12-гадовай катаргай у Сібіры. З 1880-х г. на радзіме.
шматлязовы рэжучы інструмент для атрымання канічных або цыліндрычных паглыбленняў, апорных плоскасцей вакол адтулін, зняцця фасак цэнтравых адтулін. Апрацоўка З. (зенкаванне) робіцца на свідравальных або спец. цэнтровачных станках (часам з дапамогай дрыля або ўручную).
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы (пераважна ў Міжземнамор’і), у Зах. Азіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі ў цэнтр. і ўсх. раёнах Палесся часцей трапляецца З. рускі (Ch. ruthenicus), у зах. — рэгенсбургскі (Ch. ratisbonensis). Растуць у хваёвых лясах, на ўзлесках, пясчаных месцах. 12 відаў — З. аўстрыйскі (Ch. austriacus), голы (Ch. glaber), пурпуровы (Ch. purpureus), падоўжаны (Ch. elongatus), чарнеючы (Ch. nigricans) і інш. інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Некат. з іх выкарыстоўваюцца ў зялёным буд-ве.
Лістападныя, радзей шматгадовазялёныя кусты і кусцікі з апушанымі прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце трайчастае, рэдка простае, цэласнае, чаранковае, апушанае; лісцікі адваротна-яйцападобныя, на канцы з шыпікамі. Кветкі двухполыя, матыльковага тыпу, жоўтыя, белыя, радзей пурпуровыя ці ружаватыя, размешчаны ў пазухах лісця, утвараюць суквецці. Плод — струк. Лек., меданосныя, фарбавальныя і дэкар. расліны; ёсць ядавітыя.