Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»

(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),

экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст.пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл. Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).

Літ.:

Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;

«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг. М., 1977.

т. 6, с. 199

ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.Малахава (1981), механізатара М.Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.

Літ.:

Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;

Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.Цыбульскі. Віцебск, 1996.

М.Л.Цыбульскі.

М.Драненка. Камянецкі пейзаж. 1990.

т. 6, с. 199

ДРА́НЕЎКА,

рака, гл. Абедаўка.

т. 6, с. 199

ДРА́НЕЦ (Аляксандр Валянцінавіч) (н. 31.1.1962, в. Харомск Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). Працаваў у творчай майстэрні скульптуры пры АМ СССР (1989—93), з 1996 выкладчык Бел. АМ. Творчасці ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў бел. гісторыі: «Кастусь Каліноўскі» і «Дунін-Марцінкевіч» (абодва 1985), праект помніка Цётцы (1987), памятныя дошкі Ф.Скарыне на будынках Нац. АН Беларусі (1990) і чэш. Нац. бібліятэкі (Прага, 1996) і інш. Пераможца Рэсп. конкурсу праектаў помніка Ф.Скарыне для Мінска (1990).

А.Дранец. Памятная дошка Ф.Скарыне ў Празе на будынку Нацыянальнай бібліятэкі. 1996.

т. 6, с. 199

ДРА́НІКІ, драчонікі, бульбянікі,

бліны з бульбы, традыцыйная бел. страва. Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да Д. смажаць сала, робяць мачанне з тварагу і смятаны. На Беларусі пашыраны ўсюды. На Віцебшчыне пад назвай драчоны вядомы бліны з пшанічнай, змешанай з жытняй, мукі.

т. 6, с. 199

ДРАНЬКО́-МАЙСЮ́К (Леанід Васілевіч) (н. 10.10.1957, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1982). З 1982 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1972. Першы зб. паэзіі «Вандроўнік» (1983). Аўтар зб. вершаў «Над пляцам» (1986), вершаў, паэм, эсэ «Тут» (1990), «Акропаль» (1994), прозы «Пра тое, як я...» (1992). Распрацоўвае тэмы творчасці, працы, кахання. Асобныя вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Стомленасць Парыжам: Вершы і эсэ. Мн., 1995.

т. 6, с. 199

ДРАП (ад франц. drap сукно),

тоўстая тканіна з шэрсці. Звычайна мае 2 слоі, добра захоўвае цяпло. Бывае варсаваны і неварсаваны, адна- і шматкаляровы. З Д. шыюць верхняе адзенне.

т. 6, с. 200

ДРАПЕ́ЖНІКІ,

прадстаўнікі жывёльнага або расліннага свету, якія ловяць, забіваюць і паядаюць жывыя арганізмы. Трапляюцца сярод жывёл, грыбоў і раслін (гл. Драпежныя грыбы, Драпежныя звяры). Д. — важны фактар натуральнага адбору: пастаянна паляпшаюць склад папуляцый ахвяр, што ў пэўнай ступені абумоўлівае іх прагрэс. развіццё. Садзейнічаюць захаванню вял. відавой разнастайнасці і зніжаюць інтэнсіўнасць канкурэнцыі сярод розных відаў ахвяр. У Д. звычайна добра развіты сродкі авалодання, забівання, паядання і пераварвання здабычы (зубы і кіпцюры ў млекакормячых, ядавітыя залозы ў павукоў, жыгучыя клеткі ў кішачнаполасцевых, ферменты, якія расшчапляюць бялкі, у жывёл, грыбоў, раслін), а таксама нерв. сістэма, органы пачуццяў.

Выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе з непажаданымі для чалавека відамі.

С.У.Кучмель.

т. 6, с. 200

ДРАПЕ́ЖНЫЯ ГРЫБЫ́,

мікраскапічныя сапратрофныя грыбы, здольныя ўтвараць на грыбніцы лоўчыя прыстасаванні, каб захопліваць здабычу — нематод, інфузорый, амёб і інш. Пашыраны па ўсім зямным шары. Трапляюцца пераважна ў глебе, на раслінных рэштках, экскрэментах жывёл, каранях раслін і г.д. Большасць Д.г. адносіцца да гіфаміцэтальных, некат. да перанаспаральных, хітрыдыяміцэтаў. Выкарыстоўваюцца для біял. барацьбы з нематодамі.

Міцэлій галінасты, на ім развіваюцца пасткі 3 тыпаў: клейкія (бакавыя вырасты гіфаў, шарападобныя галоўкі, сеткі), кольцы без клейкага рэчыва (дзейнічаюць механічна, ахвяра захрасае ў іх), кольцы з унутранай адчувальнай да дотыку паверхняй (сціскаюць ахвяру). У пастцы з дапамогай ферментаў раствараецца абалонка здабычы, грыбы прапускаюць у яе цела свае парасткі, якія паступова ператвараюцца ў развіты міцэлій.

т. 6, с. 200

ДРАПЕ́ЖНЫЯ ЗВЯРЫ́ (Carnivora),

млекакормячыя атр. драпежных. 7 сям., 90 родаў, 232 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. У шэрагу месцаў акліматызаваны. Жывуць на адкрыты прасторах, у гарах, лясах і інш. Большасць аселыя, інш. мігрыруюць. Трымаюцца па адным або парамі, зрэдку аб’ядноўваюцца ў статкі. Большасць драпежнікі, радзей усёедныя. Актыўныя пераважна ў прыцемках і ноччу. У Чырв. кнізе МСАП 36 відаў і 20 падвідаў. На Беларусі жыве 15 відаў з 6 сямействаў. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу: барсук, буры мядзведзь, рысь.

Даўж. цела ад 11 см (ласка) да больш як 300 см (тыгры), маса ад 100 г да 1000 кг (белы мядзведзь). Цела ўкрыта валасамі, сярод якіх вылучаюць накіравальныя, восцевыя і пуховыя. Лінькі 2 або 1, у зімовы час валасяное покрыва больш густое. Зубы падзяляюцца на разцы, вял. конусападобныя востраканцовыя выгнутыя іклы і карэнныя (сярод іх — драпежныя зубы). Характэрны развітыя грабяні на чэрапе для мацавання моцнай сківічнай мускулатуры. Пераважна манагамы. Дзіцянят 1—8, зрэдку 20—22, нараджаюцца сляпыя і бездапаможныя. Многія Д.з. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі, некат. шкоднікі.

С.У.Кучмель.

Драпежныя звяры: 1 — леапард амурскі; 2 — генета плямістая; 3 — гарнастай; 4 — панда малая; 5 — пясец меднаўскі; 6 — мядзведзь камчацкі; 7 — гіена плямістая.

т. 6, с. 200