ДРАПЕ́ЖНІКІ,
прадстаўнікі жывёльнага або расліннага свету, якія ловяць, забіваюць і паядаюць жывыя арганізмы. Трапляюцца сярод жывёл, грыбоў і раслін (гл. Драпежныя грыбы, Драпежныя звяры). Д. — важны фактар натуральнага адбору: пастаянна паляпшаюць склад папуляцый ахвяр, што ў пэўнай ступені абумоўлівае іх прагрэс. развіццё. Садзейнічаюць захаванню вял. відавой разнастайнасці і зніжаюць інтэнсіўнасць канкурэнцыі сярод розных відаў ахвяр. У Д. звычайна добра развіты сродкі авалодання, забівання, паядання і пераварвання здабычы (зубы і кіпцюры ў млекакормячых, ядавітыя залозы ў павукоў, жыгучыя клеткі ў кішачнаполасцевых, ферменты, якія расшчапляюць бялкі, у жывёл, грыбоў, раслін), а таксама нерв. сістэма, органы пачуццяў.
Выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе з непажаданымі для чалавека відамі.
С.У.Кучмель.
т. 6, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)