ГЛАЎКАНІ́Т
(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),
мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.
т. 5, с. 287
ГЛАЎКАФА́Н
(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),
пародаўтваральны мінерал класа сілікатаў, групы амфіболаў, водны алюмасілікат натрыю і магнію, Na2Mg3Al2[Si4O11]2(OH)2. Прымесі жалеза, кальцыю, калію. Крышталізуецца ў манатоннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, агрэгаты слупкаватыя, прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна-сіні, бясколерны. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 3,1—3,3 г/см³. Трапляецца пераважна ў метамарфізаваных сланцах, алеўралітах, пясчаніках.
т. 5, с. 287
ГЛАЎКО́МА
(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),
хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).
Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.
Л.М.Марчанка.
т. 5, с. 287
ГЛАХІ́ДЫЙ
(ад грэч. glōchis наканечнік стралы, шып),
паразітычная лічынка прэснаводных двухстворкавых малюскаў сям. перлавак.
Мае двухстворкавую трохвугольную ракавіну з шыпам на брушным баку кожнай створкі, моцны мускул-замыкальнік, чуллівыя шчацінкі (у пучках) і доўгую ніць, якую выдзяляе асаблівая залоза. Глахідый развіваецца з яец (некалькі соцень тысяч) у мантыйнай поласці мацярынскай асобіны восенню і зімой. Вясной глахідый выкідваецца ў ваду і прымацоўваецца да скуры, шчэлепаў і плаўнікоў рыб, абрастае эпітэліем гаспадара. Корміцца асматычна. Праз некалькі тыдняў малады малюск пакідае гаспадара і падае на дно. Прыкметнай шкоды рыбам глахідый не прыносіць.
т. 5, с. 288