Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛАЎКАНІ́Т

(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),

мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.

т. 5, с. 287

ГЛАЎКАФА́Н

(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),

пародаўтваральны мінерал класа сілікатаў, групы амфіболаў, водны алюмасілікат натрыю і магнію, Na2Mg3Al2[Si4O11]2(OH)2. Прымесі жалеза, кальцыю, калію. Крышталізуецца ў манатоннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, агрэгаты слупкаватыя, прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна-сіні, бясколерны. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 3,1—3,3 г/см³. Трапляецца пераважна ў метамарфізаваных сланцах, алеўралітах, пясчаніках.

т. 5, с. 287

ГЛАЎКО́МА

(ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),

хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).

Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.

Л.М.Марчанка.

т. 5, с. 287

ГЛАХІ́ДЫЙ

(ад грэч. glōchis наканечнік стралы, шып),

паразітычная лічынка прэснаводных двухстворкавых малюскаў сям. перлавак.

Мае двухстворкавую трохвугольную ракавіну з шыпам на брушным баку кожнай створкі, моцны мускул-замыкальнік, чуллівыя шчацінкі (у пучках) і доўгую ніць, якую выдзяляе асаблівая залоза. Глахідый развіваецца з яец (некалькі соцень тысяч) у мантыйнай поласці мацярынскай асобіны восенню і зімой. Вясной глахідый выкідваецца ў ваду і прымацоўваецца да скуры, шчэлепаў і плаўнікоў рыб, абрастае эпітэліем гаспадара. Корміцца асматычна. Праз некалькі тыдняў малады малюск пакідае гаспадара і падае на дно. Прыкметнай шкоды рыбам глахідый не прыносіць.

т. 5, с. 288

ГЛЕБ,

князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ. Я.Г.Звяруга.

т. 5, с. 288

ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.М.Івахненка.

т. 5, с. 288

ГЛЕБААПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для апрацоўкі глебы. Найб. пашыраны: барана, валакуша, каток палявы, культыватар, лушчыльнік, пласкарэз-глыбокарыхліцель, плуг, рыхліцель, фрэза глебавая.

т. 5, с. 289

ГЛЕ́БАВАЯ МІКРАБІЯЛО́ГІЯ,

раздзел мікрабіялогіі, які вывучае склад і функцыі мікрабіяцэнозаў глеб, іх сувязь з раслінамі і ролю ў трансфармацыі арган. і мінер. рэчываў глеб. Даследуе ролю мікраарганізмаў у павышэні ўрадлівасці глебы, у жыўленні раслін, распрацоўвае спосабы прыгатавання бактэрыяльных угнаенняў і сіласавання кармоў. Цесна звязана з глебавай энзімалогіяй, біяхіміяй, глебазнаўствам.

Як навука сфарміравалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. У яе развіцці важную ролю адыгралі працы нідэрл. вучонага М.Беерынка, які вылучыў і апісаў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901), рус. вучоных С.М.Вінаградскага (адкрыў з’яву хемасінтэзу), М.А.Красільнікава (працы па мікрафлоры глебы) і інш.

На Беларусі развіваецца з 1930-х г. З 1950-х г. даследаванні па глебавай мікрабіялогіі вядуцца ў НДІ глебазнаўства і аграхіміі, земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, у Нац. АН, БДУ, БСГА і інш. Асн. кірункі даследаванняў: узаемаадносіны мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, працэсы біял. фіксацыі атм. азоту, уплыў акультурвання глеб на мікробны цэноз (С.А.Самцэвіч), мікрафлора асн. тыпаў лясоў, глеб Палескай ніз. (П.П.Рагавой, М.І.Мільто, Г.І.Язубчык), мікрабіял. працэсы мінералізацыі арган. рэчыва тарфяна-балотных глеб пад уплывам меліярацыі і мех. апрацоўкі глебы (Ф.П.Вавула, Т.Г.Зіменка, Н.М.Курбатава-Белікава і інш.), уздзеянне экалагічных фактараў (цяжкія металы, пестыцыды, прамысл. адходы і радыенукліды) на мікраарганізмы глебы (В.І.Калешка, А.І.Двайнішнікава, Зіменка, А.С.Самсонава, Н.В.Гаўрылкіна, А.Г.Міснік, Л.А.Карагіна, Т.І.Каляда і інш.). Пытанням стварэння і выкарыстання бактэрыяльных прэпаратаў у раслінаводстве прысвечаны працы Зіменкі, Мільто, М.А.Троіцкага, Карагінай і інш. Гал. Задача глебавай мікрабіялогіі ў сучасных умовах — энергазберагальная біялагізацыя раслінаводства, накіраваная на зніжэнне ўзроўню выкарыстання сродкаў хімізацыі і атрыманне чыстай прадукцыі.

Т.Г.Зіменка.

т. 5, с. 289

ГЛЕ́БАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

частка глебава-біякліматычнага пояса, глебавай зоны або падзоны са спецыфічнымі асаблівасцямі глеб і ўмоў глебаўтварэння, звязанымі з увільгатненнем і тэмпературным рэжымам. Займаюць тэрыторыі, межы якіх праходзяць у шыротным напрамку. Падзяляюцца на глебава-кліматычныя акругі. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучаны Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая глебавыя правінцыі, якія адрозніваюцца глебавым покрывам, геамарфалагічнай будовай, тэмпературным рэжымам. Гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,

сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.

Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.

т. 5, с. 290